Мінск 15:00

Ад пачатку тыдня чарга легкавых аўтамабіляў на мяжы ў бок Польшчы павялічылася на 1,2 тыс. — Дзяржпагранкамітэт

Пункт пропуску Брэст
Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

15 жніўня, Позірк. Колькасць легкавога транспарту перад польскім пунктам пропуску Цярэспаль (Брэст) з 11 жніўня вырасла на 1.180 адзінак, уезду ў Польшчу чакае 3.650 аўто і 80 аўтобусаў, паведаміў 15 жніўня Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі.

Паводле сцвярджэння ведамства, за суткі чарга павялічылася на 485 адзінак, а ад пачатку тыдня Польшча прапусціла толькі 34% нормы аўтамабіляў.

На 10:00 15 жніўня перад літоўскімі пунктамі пропуску фіксавалася 270 адзінак легкавога транспарту. Пры гэтым адзначаецца, што літоўскі кірунак “застаецца самым загружаным” для фур. Перад пунктам Мядзінінкай (Каменны Лог) знаходзілася 360 грузавікоў. Ад пачатку тыдня, праз гэты пункт, паводле даных Дзяржпагранкамітэта, у Літву прапусцілі ўсяго 11% нормы. Кантрольныя службы пункта Шальчынінкай (Беняконі) аформілі, паводле даных беларускага ведамства, 26% нормы велікагрузаў. У гэтым месцы ўезду ў Еўрасаюз, як паведамляецца, чакала 420 грузавых аўто.

Перад латвійскім пагранпераходам Патэрніекі (Грыгароўшчына) уезду ў ЕС чакала 380 фур. Ад пачатку тыдня сумежны бок прапусціў на сваю тэрыторыю 35% нормы грузавікоў, сцвярджае Дзяржпагранкамітэт. Чаргі легкавых аўтамабіляў, паводле даных ведамства, няма.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух пунктаў пропуску, якія заставаліся для падарожнікаў, — Баброўнікі (Бераставіца).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: