Мінск 00:09

Польшча працягнула дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю яшчэ на 90 дзён

Фота: eastnews.pl

5 верасня, Позірк. Пра падаўжэнне яшчэ на 90 дзён, з 6 верасня па 4 снежня 2025 года, дзеяння буфернай зоны на мяжы з Беларуссю паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы (МУСіА).

Буферная зона пачала дзейнічаць 13 чэрвеня 2024 года, гэта пятае падаўжэнне тэрміну яе дзеяння. Каментуючы яго, кіраўнік МУСіА Марцін Кервіньскі заявіў, што падтрыманне зоны “неабходнае ў сувязі з ростам міграцыйнага ціску з Беларусі” і адзначыў, што “польска-беларуская мяжа, закрытая амаль на 98%, мае вырашальнае значэнне для бяспекі Польшчы і ўсяго Еўрапейскага саюза”.

У МУСіА адзначылі, што “за апошнія месяцы колькасць спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларуссю амаль падвоілася ў параўнанні з мінулым годам”. “З чэрвеня па жнівень 2025 года памежная служба зафіксавала амаль 13.800 такіх выпадкаў у параўнанні з 7.500 за аналагічны перыяд мінулага года, што на 83% больш”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Толькі ў жніўні гэтага года памежная служба зафіксавала больш за 5.400 спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. У жніўні 2024 года іх было менш за 2.300. Гэта азначае, што ў 2025 годзе гэтая лічба павялічыцца амаль у 2,5 раза”, — падкрэсліла ведамства.

У МУСіА адзначылі, што важнай задачай буфернай зоны, якая дзейнічае на польска-беларускай мяжы, з’яўляецца абмежаванне доступу да мяжы “кантрабандыстаў і кур’ераў” (пад “кур’ерамі”, верагодна, маюцца на ўвазе перавозчыкі мігрантаў. — “Позірк”.). Паводле даных міністэрства з 1 студзеня па 2 верасня 2025 года ў Падляшскім і Надбужанскім памежных атрадах затрымана 237 асобаў, датычных да згаданых злачынстваў. Каля 100 чалавек былі змешчаныя пад варту. “Сярод найбольш актыўных груп — грамадзяне Украіны і Польшчы”, — адзначае ведамства.

Буфер па-ранейшаму ахоплівае “ўчастак мяжы даўжынёй 78,29 км, размешчаны ў межах тэрытарыяльнай юрысдыкцыі памежных атрадаў у Міхалове, Нарэўцы, Белавежы, Дубічах Царкоўных і Чарэмшы”. “На ўчастку даўжынёй 59,24 км зона забароны распаўсюджваецца на 200 метраў ад лініі дзяржаўнай мяжы. Пры гэтым на ўчастку даўжынёй 15,26 км, размешчаным у раёне прыродных запаведнікаў, зона шырэйшая і складае прыблізна 2 км, а на ўчастку каля 3,79 км яе шырыня ўглыб тэрыторыі дасягае каля 4 км”, — нагадала ведамства.

Згодна з падлікамі “Позірку”, заснаванымі на даных польскага боку, з пачатку верасня зафіксавана больш за 300 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Польшчай з боку Беларусі, а з пачатку года іх колькасць перавысіла 24 тыс.

У пачатку жніўня Польшча ўвяла ў строй электронны бар’ер на ўчастку мяжы з Беларуссю, які праходзіць па рацэ Заходні Буг.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: