Мінск 20:49

Вызвалена больш за 50 палітвязняў, у тым ліку Мікалай Статкевіч (дапоўнена)

Крыніца: pixabay.com

11 верасня, Позірк. “На просьбу прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў“ Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і якія ўчынілі іншыя злачынныя дзеянні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, паведамляе яго прэс-служба.

Таксама гэта зроблена нібыта “ў рамках жэсту добрай волі і зыходзячы з прынцыпаў гуманнасці”.

Удакладняецца, што памілавана 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па два — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў у сацыяльнай сетцы “X” аб вызваленні і вывазе ў Вільнюс 52 палітвязняў. Яны “паспяхова перасеклі літоўскую мяжу з Беларусі, пакінуўшы ззаду калючы дрот, рашоткі на вокнах і пастаянны страх“, дадаў палітык.

“Сярод іх, што асабліва важна для мяне, было шэсць літоўцаў. Я глыбока ўдзячны Злучаным Штатам і асабіста прэзідэнту Дональду Трампу за іх бесперапынныя намаганні па вызваленні палітвязняў“, — падкрэсліў літоўскі прэзідэнт.

“52 — гэта вельмі шмат“, — заявіў Наўседа, аднак, працягнуў ён, больш за тысячу палітвязняў “усё яшчэ застаюцца ў беларускіх турмах”. “І мы не спынімся, пакуль яны не выйдуць на волю”, — дадаў ён.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна“, ініцыятывы “Dissidentby“ і “Еўрарадыё”, сярод вызваленых даўні апанент Лукашэнкі Мікалай Статкевіч (у снежні 2021 года асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі), філосаф Уладзімір Мацкевіч (у чэрвені 2022-га — да пяці гадоў), прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч (у красавіку 2023-га — да дзевяці гадоў), анархіст Мікалай Дзядок (10 лістапада 2021-га асуджаны на 5 гадоў).

Ініцыятыва “Хрысціянская візія” паведаміла аб вызваленні журналіста Ігара Лосіка (у снежні 2021 года атрымаў 15 гадоў пазбаўлення волі).

Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам 11 верасня прапанаваў “глабальна абмеркаваць” тэму вызвалення палітвязняў.

“Слухаючы нядаўна Трампа, я так зразумеў, з вашай падачы хутчэй за ўсё, яго вельмі хвалююць пытанні, як ён сказаў, закладнікаў ці як там… палітвязняў і яшчэ чагосьці… — цытуюць Лукашэнку дзяржСМІ. — Я не супраць. <…> Яшчэ гэта важна чаму? Таму што ў Еўропе, і асабліва нашы збеглыя (мы іх называем), яны так хочуць прымазацца да гэтай тэмы. Ну, Крыс (намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт. — “Позірк”.), ты гэта добра ведаеш. Я добра інфармаваны — ты з імі перамовы вядзеш і з намі“.

“Напрамілы бог. Гэта ваша справа, з кім весці перамовы. Але ў сувязі з тым, што шмат тут усякай фальшы, я думаю, што нам варта абмеркаваць гэтую тэму, закрануць яе. Я вам выкажу сваю пазіцыю. Яна ўсім у Беларусі вядомая”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго сцвярджэння, улады “абсалютна не прыхільнікі таго, каб гэтыя людзі знаходзіліся ў папраўчых калоніях“: “Тым больш яны не за палітыку асуджаныя. У нас артыкулаў такіх няма ў Крымінальным кодэксе”.

Джон Коўл паведаміў, што ЗША здымаюць санкцыі з беларускай авіякампаніі “Белавія”.

Падзяліцца: