Мінск 22:25

Партыя “Народная Грамада” запатрабавала “бескампраміснай рэакцыі” міжнароднай супольнасці на знікненне Статкевіча

Фота: hramada.org

14 верасня, Позірк. “Неадкладнай і бескампраміснай рэакцыі ад беларускай і міжнароднай супольнасці” запатрабавала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” (не зарэгістраваная) у сувязі са знікненнем яе старшыні Мікалая Статкевіча.

“11 верасня Мікалай Статкевіч быў вывезены з месца ўтрымання і дастаўлены да [беларуска-літоўскай] мяжы праз пункт пропуску Каменны Лог. Відэа- і фотафіксацыя паказваюць, што палітык заставаўся на нейтральнай паласе. Гэта пацвярджае в.а. старшыні партыі Яўген Вільскі”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай у тэлеграм-канале партыі.

Сведчанняў пра тое, што Статкевіча “прымусова выводзілі ў бок Літоўскай Рэспублікі, не паступала”, падкрэслівае “Народная Грамада”.

“Адначасова з гэтым, паводле слоў Яўгена Вільскага, іх размова з Мікалаем Статкевічам адбывалася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у прысутнасці супрацоўнікаў КДБ. Пасля размовы з Яўгенам Вільскім і адмовы перасякаць мяжу з Літоўскай Рэспублікай Мікалай Статкевіч заставаўся ў пункце Каменны Лог (Рэспубліка Беларусь). Далей інфармацыя пра месцазнаходжанне палітыка адсутнічае. Вядома, што Мікалай Статкевіч не пакінуў Рэспубліку Беларусь, але і дадому ён не вярнуўся”, — адзначаецца ў заяве.

Падкрэсліваецца, што “сапраўднасць фота- і відэаматэрыялаў пацверджаная даступнымі анлайн-трансляцыямі з вэб-камер на пункце пропуску Каменны Лог, дзе зафіксаваныя апошнія вядомыя моманты з Мікалаем Статкевічам”.

У сувязі з гэтым партыя патрабуе “публічнага абвяшчэння поўнай інфармацыі ад органаў, адказных за вываз і суправаджэнне асобы (спіс службовых асоб, транспартныя сродкі, маршруты, дакументы)”.

Таксама ў заяве ўтрымліваецца патрабаванне “незалежнага і празрыстага расследавання з удзелам міжнародных інстытуцый (АБСЕ, Еўрапейскі саюз, Камітэт правоў чалавека ААН) і праваабарончых арганізацый у сітуацыі з Мікалаем Статкевічам”.

Партыя заклікае забяспечыць свабодны доступ да Статкевіча адвакатаў і родных, калі “ён знаходзіцца ў даступным месцы ў Беларусі ці за яе межамі”, а таксама гарантаваць фізічную бяспеку палітыка і “абарону яго правоў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі”.

“Мы заклікаем журналістаў, міжнародныя прадстаўніцтвы і ўсіх неабыякавых грамадзян не заплюшчваць вочы. Паведамленні пра месцазнаходжанне Мікалая павінны быць апублікаваныя не па чутках, а па афіцыйных каналах з доказамі. Час ідзе — кожная гадзіна мае значэнне”, — заяўляе партыя.

11 верасня пасля сустрэчы намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, стала вядома, што “па просьбе прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў” той прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і здзяйсненне іншых злачынных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Усяго памілаваныя 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі, дзевяць журналістаў, а таксама палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.

Як мінімум адзін з іх — Мікалай Статкевіч — адмовіўся з’язджаць у Літву (дэпартацыя была ўмовай угоды Лукашэнкі з амерыканцамі). Некалькі гадзін ён правёў паміж пунктамі пропуску Каменны Лог і Мядзінінкай, пасля чаго пайшоў на беларускі бок. Інфармацыі пра яго няма ўжо трое сутак.

Статкевіч не знаходзіцца дома, яго жонка не ведае, дзе ён — Марцалеў

12 верасня, Позірк. Палітык Мікалай Статкевіч не знаходзіцца дома, месцазнаходжанне 69-гадовага палітвязня невядома ягонай жонцы Марыне Адамовіч, паведаміў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" грамадскі актывіст Сяргей Марцалеў. "У мяне тлела надзея, што ўлады дадуць яму магчымасць жыць на волі, у …
Падзяліцца: