Мінск 14:37

Генпракурор Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” (дапоўнена)

Ілюстратыўнае фота: сайт ЕГУ

15 верасня, Позірк. Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (працуе ў Вільнюсе) “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

Кіраўнік нагляднага органа просіць забараніць як яго дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, так і выкарыстанне сімволікі і атрыбутыкі.

Паводле сцвярджэння Генпракуратуры, ЕГУ, пазіцыянуючы сябе ў якасці “беларускай ВНУ ў выгнанні”, праводзіць “мэтанакіраваную працу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, аказвае метадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак і выкарыстоўваецца спецыяльнымі службамі некаторых сумежных дзяржаў для нанясення шкоды інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах”.

У ведамстве таксама лічаць, што мэтамі ЕГУ з’яўляюцца падрыхтоўка беларускай моладзі да “рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі, прасоўванне “альтэрнатыўных” трактовак гістарычных, культурных і іншых падзей, так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, ідэй “еўрапейскасці”.

Сцвярджаецца, што ўніверсітэт узаемадзейнічае з прадстаўнікамі розных “экстрэмісцкіх фарміраванняў”, адным з якіх называецца “Каманда Святланы Ціханоўскай”, а таксама “замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй “Аб’яднаны пераходны кабінет”.

Для падтрымкі сваёй “проціпраўнай дзейнасці”, уцягвання ў яе новых прыхільнікаў, забеспячэння фінансавання, на думку Генпракуратуры, выкарыстоўваюцца “шматлікія інтэрнэт-рэсурсы, уключаючы сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, інфармацыйная прадукцыя якіх рашэннямі беларускіх судоў прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

“Злачынныя дзеянні шэрагу выкладчыкаў і выпускнікоў універсітэта пацвярджаюцца матэрыяламі крымінальных спраў аб распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама аб здзяйсненні іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.

22 жніўня сайт і акаўнты ў сацсетках ЕГУ былі ўнесеныя ў рэспубліканскі спіс “экстрэмісцкіх” матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.

У сувязі з гэтым ЕГУ заклікаў студэнтаў з Беларусі датрымлівацца захадаў бяспекі, а менавіта: “чысціць гісторыю браўзэра пасля кожнага наведвання сайта ehu.lt (любой яго версіі — рускай, беларускай, англійскай або літоўскай); не рабіць перапосты з сайта ehu.lt у сваіх публічных сацыяльных сетках; па магчымасці апавясціць знаёмых, якія могуць наведваць сайт ehu.lt, пра сітуацыю і неабходныя захады бяспекі; скасаваць падпіску на вышэйзгаданыя акаўнты ў сацыяльных сетках instagram, Facebook, Youtube“.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адкрыўся ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. Праз год ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе, мае статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У ім навучаецца каля 1,5 тыс. студэнтаў, пераважна з Беларусі.

У 2024 годзе на асноўныя праграмы ЕГУ паступілі 302 першакурснікі бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры, 99 студэнтаў па інфарматыцы і 54 студэнты па новай праграме эканомікі. У 2024/2025 навучальным годзе ўніверсітэт прымае студэнтаў больш чым з 20 краін.

Падзяліцца: