Мінск 21:22

Беларускі праваабаронца Кісляк не можа атрымаць у Грузіі новае часовае пасведчанне асобы

Раман Кісляк каля Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі ў Тбілісі
Фота: Раман Кісляк

17 верасня, Позірк. Улады Грузіі адмовіліся выдаць беларускаму праваабаронцу-палітуцекачу Раману Кісляку даведку аб статусе просьбіта прытулку. Гэта закрывае шлях для атрымання новага часовага пасведчання асобы, паведаміў Кісляк “Позірку”.

“На гэтым этапе вы не лічыцеся суіскальнікам прытулку ў Грузіі і вам не можа быць выдадзеная даведка суіскальніка”, — сказана ў адказе Дэпартамента міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі, які атрымаў Кісляк.

“Мне адмовілі ў падаўжэнні статусу просьбіту прытулку і іншы статус не далі”, — адзначыў Кісляк.

Ён плануе абскарджваць рашэнне дэпартамента ў самой Грузіі і перададаць інфармацыю ў Камітэт ААН па правах чалавека, каб яна была далучаная да яго справы.

“У мясцовых законах ніяк не прапісаныя часовыя меры. Такім чынам, каб атрымаць нейкі статус, мне трэба абскардзіць у Канстытуцыйным судзе Грузіі прабел у законах “Аб міжнароднай абароне” і прававым статусе замежнікаў і асобаў без грамадзянства”, — патлумачыў праваабаронца.

Грузія, якой кіруе партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, не дала прытулак ніводнаму грамадзяніну Беларусі. Найбольш вядомы кейс у Кісляка, які ў ліпені 2025 года беспаспяхова завяршыў праходжанне ўсіх унутраных працэдур абскарджання адмовы ў прытулак. У яго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта (яго немагчыма замяніць за мяжой пасля забароннага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года). На працягу 30 дзён праваабаронца павінен быў пакінуць краіну, але ў жніўні Камітэт ААН па правах чалавека распачаў вытворчасць па скарзе Кісляка супраць Грузіі і запатрабаваў не высылаць яго ў краіну паходжання.

Брэсцкі праваабаронца Кісляк пераехаў у Грузію летам 2021 года з-за палітычнага пераследу.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: