Мінск 01:11

Прызначаны галоўным ідэолагам Мінска кіраўнік БРСМ прызнаўся ў кар’ерызме і паставіў інтарэсы грамадзян на апошняе месца

Фота: тэлеграм-канал Аляксандра Лук'янава

22 верасня, Позірк. Новы начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, кіраўнік праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Лук’янаў у паведамленні аб сваім прызначэнні прызнаўся ў кар’ерызме і ў пераліку задач паставіў інтарэсы грамадзян на апошняе месца.

“<…> Спяшаюся падзяліцца з вамі радаснай навіной! У пятніцу 19 верасня прыступіў да дзяржаўнай службы! <…> Гэта вельмі адказная пасада ў структуры выканаўчай улады нашай сталіцы. Прыкладу ўсе намаганні, каб апраўдаць высокі давер, кіраўніцтва краіны, кіраўніцтва горада і жыхароў сталіцы. < … > Перакананы, што разам мы выканаем усе задачы, якія перад намі ставіць наш Прэзідэнт, кіраўніцтва горада і нашы паважаныя грамадзяне!” — напісаў Лук’янаў у сваім тэлеграм-канале (тут і далей арфаграфія захаваная), які сярод іншага апісвае як “Телеграмм канал Белоруса“.

36-гадовы чыноўнік заявіў, што “з юных гадоў імкнуўся стаць дзяржаўным служачым“. “З упэўненасцю магу сказаць, што менавіта як да дзяржаўнай службы ставіўся да працы і ў МНС, і ў выкладанні, навуцы і да кіраўніцтва ў дзейнасці нашага грамадскага аб’яднання БРСМ. А цяпер, можна сказаць, што мара спраўдзілася афіцыйна!” — прызнаўся ідэолаг.

Паводле слоў Лук’янава, дзяржслужба дазволіць яму сумяшчаць працу “ў якасці Члена Савета Рэспублікі ад Магілёўскай вобласці і ў пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

Паведамленне аб сваім прызначэнні ён суправадзіў фатаграфіямі за новым працоўным сталом пад партрэтам Аляксандра Лукашэнкі са службовым пасведчаннем.

Лук’янаў скончыў Камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (каля 10 гадоў працаваў у структурах МНС) і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. З 2021 года быў на вышэйшай пасадзе ў БРСМ — арганізацыі, закліканай праводзіць ідэалагічную палітыку рэжыму Лукашэнкі сярод моладзі і кантраляваць моладзевае асяроддзе; якая дапамагае ўладам арганізоўваць мерапрыемствы, якія яны называюць “выбарамі“.

Папярэдніца Лук’янава на пасадзе галоўнага ідэолага Мінска Вольга Чамаданава (у мінулым сярод іншага была прэс-сакратаром МУС) сёлета ў канцы чэрвеня ўзначаліла праўладную партыю “Белая Русь“.

Падзяліцца: