Мінск 20:17

Мужчына забіў знаёмага і адгаворваў яго маці ад візіту ў дом сына, выстаўленае абвінавачанне — СК

Фота: прэс-служба СК

16 красавіка, Позірк. Абвінавачанне ў забойстве (ч. 1 арт. 139 КК) выстаўленае жыхару Наваполацка (Віцебская вобласць), цяпер ён знаходзіцца пад вартай, паведаміла 16 красавіка прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле даных следства, напрыканцы кастрычніка 2025 года 43-гадовы мужчына прыехаў у Верхнядзвінскі раён у госці да свайго 42-гадовага знаёмага. Некалькі дзён яны разам распівалі спіртное. Сцвярджаецца, што паміж імі ўзнік канфлікт, у выніку якога госць нанёс гаспадару дома не менш як 12 “траўмавальных уздзеянняў”, у тым ліку нажом. Пасля гэтага навапалачанін працягнуў піць, а потым лёг спаць.

Паводле матэрыялаў справы, на наступны ранак госць выявіў, што яго знаёмы мёртвы і накрыў цела коўдрай. Знаходзячыся ў доме памерлага, як заяўлена, госць адказваў на званкі маці свайго знаёмага, пераконваючы яе не прыязджаць да сына. У гэтым доме, паводле інфармацыі СК, мужчына заставаўся каля сутак, а пасля з’ехаў у Наваполацк.

Маці памерлага прыехала ў дом сына праз некалькі дзён. Знайшоўшы таго мёртвым, яна патэлефанавала ў міліцыю. Паведамляецца, што ў той самы дзень навапалачанін быў затрыманы. У яго асабістых рэчах знайшлі “нож са слядамі бурага рэчыва”. Экспертыза пацвердзіла, што гэта кроў памерлага.

Паводле інфармацыі СК, на допыце абвінавачаны заявіў, што не жадаў пазбаўляць жыцця знаёмага, звязаў здарэнне з “празмерным ужываннем алкаголю”. Судова-псіхіятрычная экспертыза вызначыла, што падчас канфлікту, які скончыўся трагедыяй, мужчына “мог цалкам ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі”.

Згодна з данымі Вярхоўнага суда, паводле арт. 139 КК у 2025 годзе было асуджана 138 чалавек, у 2024-м — 174.

Падзяліцца: