Мінск 18:28

У суд накіраваная справа замежніка, абвінавачанага ў забойстве жонкі, спробе забіць пасынка і згвалтаванні падчаркі

Дом у Добрушы, дзе было здзейсненае злачынства
Відэа: прэс-служба Генпракуратуры / стоп-кадр: "Позірк"

16 красавіка, Позірк. У Гомельскі абласны суд накіраваная крымінальная справа замежнага грамадзяніна 1989 года нараджэння, паведаміла 16 красавіка Генеральная пракуратура.

Мужчыну інкрымінаваныя ч. 2 арт. 154 (катаванне <…> цяжарнай жанчыны, састарэлай, непаўналетняй, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане або ў залежным становішчы), п. 3 і 6 ч. 2 арт. 139, ч. 1 арт. 14, п. 6, 10 і 16 ч. 2 арт. 139 (забойства і замах на забойства), ч. 2 арт. 167, ч. 2 арт. 166 (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару і згвалтаванне), арт. 364 (гвалт і пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкоды яго законнай дзейнасці і прымусу да змянення характару гэтай дзейнасці), п. 4 ч. 2 арт. 291 (захоп закладніка) Крымінальнага кодэкса.

Паводле матэрыялаў справы, у верасні 2023 года ў Добрушы (Гомельская вобласць) абвінавачаны “сістэматычна прыносіў загадзя непаўналетняй падчарцы 2007 года нараджэння, якая была ў залежным ад яго становішчы, працяглы фізічны боль, пакуты і псіхічныя пакуты, а таксама наносіў ёй пабоі — трымаў і цягаў за валасы, сціскаў шыю”. Адна з нагодаў — “выкарыстанне дзяўчынкай мабільнага тэлефона”.

“Сістэматычныя дзеянні па катаванні непаўналетняй, разлічаныя на нявызначаны перыяд, абвінавачаны спыніў толькі ў сувязі з ініцыяваннем 9 кастрычніка 2023 года Добрушскім РАУС даследчай праверкі на падставе інфармацыі, якая паступіла са школы, пра гвалт у дачыненні да дзіцяці з боку айчыма”, — паведаміў наглядны орган.

Акрамя таго, паводле версіі абвінавачання, 9 кастрычніка 2025 года ў тым жа горадзе мужчына, быўшы п’яным, з асаблівай жорсткасцю забіў сваю цяжарную жонку 1990 года нараджэння: “Нанёс ёй у прысутнасці яе малалетніх дзяцей і брата не менш як два ўдары нажом у месціва жыццёва важных органаў — грудную клетку і шыю”. Жанчына памерла на месцы здарэння ад “масіўнай кровастраты”.

Пасля гэтага, як заяўлена, мужчына “нанёс непаўналетняму пасынку 2009 года нараджэння, які ўступіўся за маці, не менш за чатыры ўдары нажом у вобласць грудной клеткі, дзе месцяцца жыццёва важныя органы, а таксама па канечнасцях”. “Аднак давесці свой злачынны намер да канца ён не змог з незалежных ад яго абставінаў: хлопчык аказаў актыўны супраціў і атрымаў своечасовую кваліфікаваную медыцынскую дапамогу”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Далей абвінавачаны з дапамогаю дэманстрацыі нажа здзейсніў каля трупа забітай ім жонкі дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да падчаркі, пасля чаго згвалціў яе. Пасля прыбыцця супрацоўнікаў АМАП УУС Гомельскага аблвыканкама для спынення супрацьпраўных дзеянняў абвінавачваны здзейсніў захоп і ўтрыманне падчарыцы ў якасці закладніцы, трымаючы нож у непасрэднай блізкасці ад яе грудзей і жывата. Пры гэтым ён прымушаў праваахоўнікаў перадаць яму зброю, якая была пры іх, устрымацца ад далейшых дзеянняў па яго затрыманні і пакінуць дом”, — заявіла Генпракуратура.

Паводле інфармацыі ведамства, абвінавачаны “ўтрымліваў пацярпелую ў якасці закладніцы, пакуль яго не абясшкодзілі супрацоўнікі АМАП”.

“У той жа дзень усіх дзяцей забралі ў бальніцу, пасля чаго накіравалі ў тэрытарыяльны сацыяльна-педагагічны цэнтр. У далейшым яны былі накіраваныя ў прыёмную сям’ю”, — паведаміў наглядны орган, дадаўшы, што цяпер мужчына “пазбаўлены бацькоўскіх правоў у дачыненні да сваіх траіх дзяцей”.

Даведка “Позірку”. Ч. 2 арт. 139 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвага зняволення або смяротнага пакарання.

Падзяліцца: