Мінск 14:21

Жыхар Бярозаўскага раёна прайграў дапамогу на дзіця — суд абмежаваў яго ў праве наведваць гульнывыя ўстановы

Ілюстрацыйнае фота: magnific.com

20 кастрычніка, Позірк. Жыхар Бярозаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) на 3 гады абмежаваны ў праве наведваць гульнявыя ўстановы, паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на службу інфармацыі абласной пракуратуры.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, з ліпеня па верасень 2026 года ён зрабіў 2.550 гульнявых ставак.

З просьбай абмежаваць мужчыну доступ да гульнявых устаноў, у тым ліку віртуальных, і ўдзел у азартных гульнях у пракуратуру звярнулася яго жонка. Паводле яе слоў, сваім захапленнем ён ставіў яе ў цяжкае матэрыяльнае становішча.

Падчас праверкі пракуратура высветліла, што муж заяўніцы стала наведваў гульнявыя ўстановы, дзе прайграваў значныя сумы. Пры гэтым ён “фактычна жыў за кошт жонкі, якая знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў”. Мужчына не дапамагаў з аплатай камунальных паслуг, набыццём прадуктаў харчавання, адзення ды іншых неабходных для жыцця рэчаў.

Маці гульца паведаміла, што яе сын “прайграў аднаразовую дапамогу ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці, выплаты за пастаноўку жонкі на ўлік да 12 тыдняў і адну штомесячную дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў”, пра што ёй стала вядома ад нявесткі.

Пракурор Бярозаўскага раёна ў інтарэсах заяўніцы звярнуўся ў суд з адпаведным іскам.

Копія судовай пастановы накіраваная ў ТАА “Маніторынгавы цэнтр па гульнявым бізнесе” для ўсталявання абмежавання і ўключэння грамадзяніна ў адпаведны пералік.

8 кастрычніка паведамлялася, што за ўвесь 2025 год і прамінулы перыяд 2026-га на 19 чалавек было накладзена абмежаванне на наведванне гульнявых устаноў і віртуальных гульнявых пляцовак. З гэтай колькасці ў 2026 годзе адпаведныя абмежаванні закранулі васьмярых. Толькі два рашэнні — па адным у 2025-м і 2026-м — былі прынятыя на падставе заявы блізкіх сваякоў, астатнія — на падставе хадайніцтваў пракурораў.

Падзяліцца: