Мінск 11:30

Банк развіцця ШАС мае стаць структурай, якая забяспечвае “доступ да фінансавання без палітычных агаворак” — Турчын

Ілюстрацыйнае фота: yuz.uz

20 кастрычніка, Позірк. Беларусь падтрымлівае “як мага хутчэйшае стварэнне” Банка развіцця Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) “як ключавога інструмента фінансавай незалежнасці і эканамічнай інтэграцыі на прасторы ШАС”, заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын 20 кастрычніка ў Душанбэ (Таджыкістан) на пасяджэнні савета кіраўнікоў урадаў краін аб’яднання.

“Лічым прынцыпова важным, каб гэтая структура стала ўнікальным паводле свайго мандата шматбаковым банкам развіцця, які забяспечвае доступ да доўгатэрміновага інвестыцыйнага фінансавання без палітычных агаворак”, — заявіў ён (паводле відэазапісу ў тэлеграм-канале Савета міністраў).

Стварэнне такога механізма, на думку чыноўніка, акажа “магутны станоўчы эфект на эканомікі дзяржаў — членаў ШАС”, а таксама ўмацуе “фінансавы суверэнітэт рэгіёна”.

“Банк развіцця ШАС можа выступіць ядром разлікова-плацежнай сістэмы нашай арганізацыі для паступовага павелічэння долі нацыянальных валют у знешнегандлёвых і інвестыцыйных аперацыях”, — сказаў Турчын.

Кіраўнік урада адзначыў, што Беларусь месціцца на “перасячэнні найважнейшых транспартных напрамкаў Еўразіі” і зацікаўленая ў “далейшым развіцці маршрутаў, якія злучаюць дзяржавы ШАС”. Транспартную ўзаемазвязанасць ён назваў падмуркам пашырэння гандлю.

“Беларусь ганарыцца тым, што нашымі ключавымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца менавіта краіны — члены ШАС, — заявіў чыноўнік. — Па выніках мінулага года на іх прыпала больш за 76% знешняга гандлю таварамі нашай краіны”.

“Такія вынікі падмацоўваюць нашу глыбокую перакананасць у неабходнасці засяродзіцца на праектах, здольных забяспечыць доўгатэрміновы рост узаемнага гандлю і інвестыцый. Асаблівае значэнне мае фармаванне ўстойлівых вытворчых ланцужкоў, уключаючы кааперацыю ў прамысловасці, у тым ліку ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, лічбавай эканоміцы ды іншых перспектыўных сектарах”, — сказаў прэм’ер, дадаўшы, што краіны ШАС маюць “узаемадапаўняльныя вытворчыя і тэхналагічныя кампетэнцыі”.

Мінск, паводле яго слоў, бачыць “значны патэнцыял у прамысловай кааперацыі”. Турчын прапанаваў задзейнічаць рэсурсы краін арганізацыі для стварэння “кааперацыйных праектаў і вытворчасці найбольш запатрабаваных відаў прадукцыі, у тым ліку аўтамабільнага, сельскагаспадарчага машынабудавання, навукаёмістых вырабаў”.

У Беларусі, як заявіў кіраўнік урада, “вялікі досвед” у галіне “жывёлагадоўлі, раслінаводства, вытворчасці і перапрацоўкі прадуктаў харчавання”. Краіна гатовая дзяліцца досведам і “ўмацоўваць шматбаковае ўзаемадзеянне для дасягнення ўстойлівага развіцця і харчовай бяспекі”.

“Сучасная эканоміка ўсё больш вызначаецца не столькі наяўнасцю рэсурсаў, колькі здольнасцю ствараць і ўкараняць тэхналогіі, — сказаў Турчын. — Практычна ўсе галіны сёння праходзяць лічбавую трансфармацыю. Таму ўзаемадзеянне ў сферы IT неабходна разглядаць у першую чаргу як інфраструктуру для развіцця ўсяго эканамічнага вымярэння ШАС”.

“Мы падтрымліваем ініцыятывы па фармаванні агульнай навукова-інавацыйнай прасторы арганізацыі і лічым важным забяспечыць яе сувязь з рэальным сектарам эканомікі. Навука будзе хутчэй увасабляцца ў тэхналогіях, а тэхналогіі — у новых вытворчасцях”, — падкрэсліў ён.

Мінск неўзабаве чакае разгляду сваёй заяўкі на ўдзел у Новым банку развіцця — Рыжанкоў

12 верасня, Позірк. Улады Беларусі ганарацца тым, што краіна мае статус дзяржавы — партнёра БРІКС, заявіў журналістам на палях саміту арганізацыі 12 верасня ў Нью-Дэлі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзяць дзяржаўныя СМІ, гэты статус дазваляе …
Падзяліцца: