Мінск 20:56

16-гадоваму жыхару Ліды пагражае да сямі гадоў зняволення за крадзеж 17 тыс. долараў

20 кастрычніка, Позірк. 16-гадовы жыхар Ліды (Гродзенская вобласць) падазраецца ў крадзяжы 17 тыс. долараў ЗША ў бацькоў яго сябра. Пра гэта паведамляе рэгіянальнае тэлебачанне.

Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, з 1 ліпеня па 15 кастрычніка 2026 года падлетак, знаходзячыся ў гасцях у сябра, часткамі выкрадаў грошы, якія належалі яго бацькам.

Скрадзенаеі ён выдаткоўваў на асабістыя патрэбы, у тым ліку дарагую камп’ютарную і мотатэхніку, а таксама іншую маёмасць.

Пракурор Лідскага раёна санкцыянаваў змяшчэнне падлетка пад варту. Адзначаецца, што раней ён неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за крадзеж чужой маёмасці. Цяпер яму інкрымінаваная ч. 4 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж у асабліва буйным памеры).

Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 3 да 12 гадоў пазбаўлення волі са штрафам; для непаўналетніх заканадаўства ўстанаўлівае асобныя абмежаванні тэрміну пакарання, таму максімальна падлетак можа атрымаць 7 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле заканадаўства, крымінальная адказнасць за крадзеж надыходзіць з 14 гадоў.

У 2025 годзе ў Беларусі было асуджана 430 непаўналетніх, з іх 168 — за злачынствы супраць уласнасці, у тым ліку 86 — за крадзяжы. Пра гэта “Позірк” паведамляў са спасылкай на даныя Вярхоўнага суда.

Паводле звестак Генеральнай пракуратуры, у 2025 годзе падлеткі здзейснілі 1.060 злачынстваў — у 2,5 раза менш, чым у 2014-м, калі было зафіксавана 2.654 такія выпадкі.

Падзяліцца: