Мінск 23:05

Прадстаўнікі Ціханоўскай і лідара венесуэльскай апазіцыі абмеркавалі правядзенне сумесных мерапрыемстваў

Дзяніс Кучынскі (злева) і Педра Уручурту
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

20 кастрычніка, Позірк. Для беларускіх дэмакратычных сіл “важна вывучаць досвед” краін Лацінскай Амерыкі, якія “прайшлі праз дыктатуры”. Пра гэта было заяўлена на сустрэчы ў вільнюскім офісе Святланы Ціханоўскай яе дарадцы ў дыпламатычных пытаннях Дзяніса Кучынскага і Педра Уручурту — адказнага за міжнародныя сувязі ў камандзе апазіцыйнага лідара Венесуэлы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за 2025 год Марыі Карыны Мачада.

Паводле слоў Кучынскага, якія прыводзіць прэс-служба беларускага дэмлідара, “беларусаў і венесуэльцаў аб’ядноўвае барацьба за свабоду і дэмакратыю“. Галоўнай тэмай дыялогу стала “пашырэнне супрацоўніцтва з Венесуэлай і іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі”.

“Бакі дамовіліся развіваць кантакты з палітыкамі, парламентарыямі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці рэгіёна пры падтрымцы венесуэльскіх партнёраў, а таксама рыхтаваць сумесныя мерапрыемствы з удзелам Марыі Карыны Мачада”, — адзначаецца ў рэлізе.

Перспектыўнымі ініцыятывамі бакам бачацца правядзенне ў 2027 годзе сумеснай парламенцкай канферэнцыі “Два шляхі да свабоды: Венесуэла і Беларусь супраць дыктатуры”, арганізацыя экспертных сустрэч з прадстаўнікамі Лацінскай Амерыкі, прысвечаных дэмакратычнаму пераходу, пераадоленню наступстваў дыктатуры і прыцягненню вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці, пашырэнне сувязяў з парламентамі, праваабарончымі арганізацыямі, універсітэтамі і незалежнымі медыя рэгіёну, а таксама правядзенне сумесных мерапрыемстваў у краінах Лацінскай Амерыкі.

Бакі абмеркавалі таксама магчымасці ўзаемнай падтрымкі на міжнародных пляцоўках.

Лёс прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры з’яўляецца напамінам, што “ніводная дыктатура не вечная“, ягоны арышт амерыканскімі вайскоўцамі стаў “сур’ёзным ударам ” для Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта заявіла Ціханоўская 7 красавіка ў відэазвароце да ўдзельнікаў публічнай дыскусіі “Як разарваць кола дыктатур у Мінску і Каракасе: жаночае лідарства і роля ЗША“, якая прайшла ў англа-Амерыканскім універсітэце ў Празе.

На думку Ціханоўскай, Лукашэнка разумее, што яго можа чакаць лёс Мадуры. Яна падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва беларускіх дэмсілаў і венесуэльскай апазіцыі, якіх “аб’ядноўваюць адны і тыя ж каштоўнасці”.

Ціханоўская заявіла, што для ўмацавання дэмакратыі “трэба больш жанчын у палітыцы”. Яна таксама адзначыла, што Мачада — адна з яе “асабістых гераінь“, і правяла паралель паміж Беларуссю і Венесуэлай, дзе значную ролю ў пратэстах супраць дыктатуры адыгралі жанчыны.

У ноч на 3 студзеня 2026 года Злучаныя Штаты Амерыкі паводле распараджэння прэзідэнта Дональда Трампа нанеслі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Венесуэлы. У рамках аперацыі былі захопленыя і перапраўленыя ў ЗША прэзідэнт краіны Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс. Яны знаходзяцца ў зняволенні ў Нью-Ёрку, абвінавачваюцца ў кантрабандзе наркотыкаў і іншых злачынствах.

10 снежня 2025 года ў Осла (Нарвегія) Ціханоўская на запрашэнне Мачада ўзяла ўдзел у цырымоніі ўручэння ёй Нобелеўскай прэміі міру.

Падзяліцца: