Мінск 14:51

Маладыя спецыялісты ў чарнобыльскіх раёнах знаходзяцца ў больш выйгрышным становішчы, чым у буйных гарадах і сталіцы, лічаць ідэолагі

Архіўная ілюстрацыя: "Позірк"

16 красавіка, Позірк. Маладыя спецыялісты, якія размяркоўваюцца ў пацярпелыя ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС раёны, знаходзяцца ў больш выйгрышным становішчы, чым выпускнікі, якія застаюцца ў буйных гарадах або сталіцы. Такое сцвярджэнне змяшчаецца ў матэрыялах да штомесячнага адзінага дня інфармавання (адбываецца 16 красавіка).

Матэрыялы (агульны, для моладзі, інтэлігенцыі і рабочых) пад загалоўкам “Чарнобыль — ад адраджэння да ўстойлівага развіцця“ падрыхтаваў НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання. Яны прысвечаныя 40-годдзю выбуху на ЧАЭС (26 красавіка 1986 года).

“Па-першае, яны атрымліваюць цікавую працу па спецыяльнасці з магчымасцю кар’ернага росту і дабаўку да заработнай платы. У пацярпелых раёнах запатрабаваныя кваліфікаваныя спецыялісты сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, прамысловай вытворчасці, адукацыйнай сферы і інш. Для маладых спецыялістаў дзяржава прадугледзела фінансавае стымуляванне. Напрыклад, даплаты кожнаму, хто адпрацаваў па размеркаванні і не пакінуў першае працоўнае месца. Па-другое, улады раёнаў даюць маладым спецыялістам жыллё, а калі ёсць жаданне пабудаваць уласнае — то і льготныя крэдыты“, — абгрунтоўваюць ідэолагі прывабнасць заражаных радыяцыяй раёнаў.

Аўтары крытыкуюць “сусветную супольнасць”, якая “выказвала прынцыповую гатоўнасць аказаць дапамогу і падтрымку, але далей за дэкларацыі, як правіла, справа звычайна не ішла, ды і пытанне ў перыяд існавання Савецкага Саюза было занадта палітызаванае”.

“Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што, у адрозненне ад іншых краін, Італія доўгі час прымала на аздараўленне значны кантынгент беларускіх дзяцей (каля 20 тыс. штогод). У пэўнай меры, хоць і ў меншых маштабах, гэта тычыцца і Ірландыі”, — удакладняюць ідэолагі.

Пры гэтым нічога не сказана аб ролі Германіі, якая доўгія гады прымала дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў, а таксама аб тым, што ініцыятыва спыніць аздараўленне дзяцей у Еўропе належыць беларускім уладам. Напрыклад, у 2008 годзе яны забаранілі гэта рабіць па лініі праграмы “Дзеці Чарнобыля“ (у яе рамках у Ірландыю ездзіла будучы дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Тихановская, што расла на забруджанай тэрыторыі).

Дзеці аздараўляліся таксама ў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Нідэрландах. Пра ролю гэтых краін у метадычках таксама нічога не сказана.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: