Мінск 15:15

Галоўчанка гатовы “падсвечваць” Лукашэнку “рэальную карціну” ў эканоміцы

27 верасня, Позірк. Нацыянальны банк будзе “падсвечваць” Аляксандру Лукашэнку “рэальную карціну і тэндэнцыі, якія складаюцца ў той ці іншай сферы”, заявіў кіраўнік рэгулятара Раман Галоўчанка, каментуючы стварэнне адпаведнай групы з ім на чале (відэа інтэрв’ю дзяржСМІ апублікавала прэс-служба Нацбанка 26 верасня).

“Прычым я хачу, каб гэта было абсалютна аб’ектыўна, гэта значыць у нас у любым пытанні павінны быць станоўчыя бакі і адмоўныя, калі яны ёсць, — сказаў ён. — Зразумела, што кіраўнік дзяржавы хоча розных поглядаў на працэс, які адбываецца ў эканоміцы, у тым ліку і альтэрнатыўных. Але яны не павінны быць альтэрнатыўнымі дзеля альтэрнатывы. Задача быць абсалютна аб’ектыўным”.

“Самае галоўнае ў любым аналізе — гэта дакладнае вычляненне праблем і прапанова асэнсаваных і выбраных варыянтаў для іх вырашэння. Словам, статыстычнай, проста аналітычнай інфармацыі дастаткова. Яе рыхтуюць розныя дзяржаўныя органы, але я бачу каштоўнасць таго, што мы [робім], як сказаў прэзідэнт, праз прызму грошай бачна ўсе”, — падкрэсліў чыноўнік.

Аб сваім даручэнні Галоўчанку па стварэнні аналітычнай групы ў Нацыянальным банку Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 верасня на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчынам.

“Хачу, каб вы ведалі, каб не было тут ніякай рэўнасці, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Я папрасіў былога прэм’ера (былых жа не бывае) — малады чалавек, адукаваны, дасведчаны, каб ён (гаворка пра папярэдніка Турчына, 52-гадовага Галоўчанкі, які ачольваў урад да 10 сакавіка 2025 года. — “Позірк”.) стварыў групу ў сябе. А такія людзі ёсць [у рэгулятара] — разумныя, пісьменныя, якія ведаюць эканоміку”.

Іх задача, паводле слоў Лукашэнкі, заключаецца ў дапамозе Камітэту дзяржаўнага кантролю: “Каб яны мяне інфармавалі і аналізавалі сітуацыю ў эканоміцы. А па грошах жа відаць усё. Ты ж эканаміст, разумееш”.

“Таму без усялякіх крыўд. Я Галоўчанку папрасіў: “Сфармуй мне такую групу ў Нацыянальным банку, ты яе кіраўнік і аб’ектыўна мне павінен аналізаваць і дакладваць. Бо маё ўражанне — гэта адно. А то — спецыялісты”, — заявіў ён.

Падзяліцца: