Рыжанкоў прылічыў Беларусь да “глабальнай большасці”, параіўшы ЕС не адгароджвацца

28 верасня, Позірк. Краіны Еўрапейскага саюза “традыцыйна скептычна ўспрымаюць любыя ініцыятывы, якія зыходзяць з Усходу”, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, выступаючы 27 верасня на агульных дэбатах Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку, якія трансляваліся ў жывым эфіры.
“Хацеў бы нагадаць ім, што гэты Усход далёка ўжо не той, што быў дзесяцігоддзі таму, — сказаў ён. — Гэта, па сутнасці, Глабальны Поўдзень, ці нават глабальная большасць, з якой ім давядзецца і даводзіцца лічыцца. Час сапраўды ўжо зразумець, што часы дыктату калектыўнага Захаду адышлі ў мінулае”.
У сувязі з гэтым ён параіў ЕС “задумацца <…> пра сваё месца ў свеце ў святле пераўтварэнняў”, якія “не ідуць ім на карысць”.
“Падзенне эканамічнай канкурэнтаздольнасці вядзе да падрыву традыцыйнай еўрапейскай мадэлі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, падзення жыццёвага ўзроўню і росту няроўнасці, што мы бачым, — сцвярджае чыноўнік. — Вар’яцкая мілітарызацыя рэгіёну заганяе Еўропу (а асабліва новыя краіны ЕС і НАТО) у глыбокую фінансавую прорву. Імкліва адбываецца разбурэнне цывілізацыйных асноў еўрапейскага грамадства ў выніку практычна некантраляванай масавай міграцыі і правальнай палітыкі фальшывага мультыкультуралізму ў якасці адказу на гэты выклік”.
“І ўсё гэта на фоне новых і новых платоў, якія спешна ўзводзяцца на ўсходнім кірунку. І платоў ужо не бетонных, а палітычных, ідэалагічных, міжчалавечых, а па сутнасці — цывілізацыйных”, — дадаў ён.
Паводле слоў кіраўніка МЗС, “за гэтым плотам, на ўсход”, сёння “не толькі Беларусь і Расія”: “Там, да самага ціхаакіянскага гарызонту, да Індыйскага акіяна, як кажуць нашыя кітайскія сябры, фармуецца супольнасць адзінага лёсу, адзінай адказнасці за будучыню чалавецтва”.
“З паслабленнем мытных і фізічных межаў, узмацненнем узаемадзеяння па ўсім спектры актуальных праблем развіцця міжчалавечых кантактаў, шматпланавай павагі, — заявіў Рыжанкоў. — Такая супольнасць, дзе, нягледзячы на шматлікія культурныя, нацыянальныя адрозненні, паважаюць адзін аднаго, не навязваюць ідэалагічныя догмы і правілы паводзін. Там мільярды людзей, мільёны кіламетраў тэрыторый, магутная хуткарослая эканоміка і самыя перадавыя тэхналогіі ўжо ўласныя — усё там маецца. І, дарэчы, сучасныя механізмы ўзаемадзеяння — БРІКС, ШАС, АСЕАН, Афрыканскі саюз, Ліга арабскіх дзяржаў”.
Таму, на думку міністра, тая “палітыка, мілітарысцкая валтузня ЕС на ўсходняй мяжы” і “эканамічныя санкцыі” — у тым ліку супраць Беларусі — з’яўляюцца “мерамі жорсткай самаізаляцыі, якія заганяюць краіны ЕС яшчэ глыбей ва ўнутраны эканамічны і палітычны крызіс”.
“І калі еўрапейскія эліты маюць намер працягваць у тым жа духу, стане яшчэ горш для народаў Еўропы. Аднак усе гэтыя праблемы вырашальныя, калі замест самаізаляцыі Еўропа возьме на ўзбраенне канцэпцыю еўразійскай супрацы і бяспекі на нашым вялізным кантыненце”, — сказаў ён.
Кіраўнік МЗС сцвярджае, што апошнія 25 гадоў Захад займаўся не “агульнай працай па вырашэнні праблем развіцця”, а “насаджэннем дэмакратыі, вэпанізацыяй (ад англ. weapon — “зброя”. — “Позірк”.) эканомікі”. Такая палітыка, паводле яго слоў, спарадзіла “шматлікія войны, хаос, мільёны ўцекачоў, стварыла бар’еры ў міжнародным гандлі, падарвала глабальную харчовую бяспеку, укараніла беднасць, голад і няроўнасць”, у той час як “міжнародныя арганізацыі, перш за ўсё ААН і Сусветная гандлёвая арганізацыя, былі адсунутыя ў бок”.
Гэтыя працэсы, паводле слоў Рыжанкова, зрабілі папулярнай ідэю рэгіяналізацыі: “Адбываецца рост умацавання механізмаў супрацы, не звязаных з краінамі з Захаду, — <…> БРІКС, ШАС, АСЕАН, СНД, ЕАЭС, ЛАД, Афрыканскі саюз”. Згаданыя структуры, заявіў ён, “адлюстроўваюць інтарэсы краін глабальнай большасці, функцыянуюць на прынцыпах узаемнай павагі, роўнасці, кансенсусу, а не дамінавання і рабавання”.
“Яны, па сутнасці, фармуюць справядлівую шматпалярную эканамічную архітэктуру развіцця, — сказаў беларускі чыноўнік. — І абсалютна заканамерна з’явілася вельмі своечасовая ініцыятыва старшыні КНР Сі Цзіньпіна пра глабальнае кіраванне, якую Беларусь усяляк падтрымлівае”.
“Для сённяшняга дня як ніколі актуальныя словы вялікага італьянскага мысляра мінулага стагоддзя Антоніа Грамшы, які пісаў з фашысцкіх засценкаў: “Стары свет памірае, а новы змагаецца за сваё нараджэнне”. Сапраўды, парадаксальна, што і сёння новы свет нараджаецца ў пакутах, бо стары свет не хоча спакойна сыходзіць са сцэны. Не мы разбураем стары свет, гэтаму добра дае рады сам Захад. Але менавіта мы, глабальная большасць, спрабуем пабудаваць новую. Асоба адзначу — разам. <…> Разам з нашымі аднадумцамі”, — падсумаваў Рыжанкоў.


- Бяспека, ПалітыкаКіраўнік МЗС Беларусі абвінаваціў ЕС, што падтрымлівае Украіну, якая абараняецца, у распальванні рэгіянальнага канфліктуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ГрамадстваЗ пачатку восеньскіх замаразкаў на беларускіх метэастанцыях абнавілася 14 рэкордаў холаду, у тым ліку больш чым 80-гадовай даўніныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская ў Чыкага заклікала адрадзіць веру ў дэмакратыю і прыхільнасць да свабоды (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі колькасць грамадзян сталага веку за год павялічылася на 3,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+