Дэлегацыя КР у рэгіянальным кангрэсе СЕ прапанавала адаптаваць трансгранічныя праграмы для падтрымкі беларусаў за мяжой

28 кастрычніка, Позірк. Для беларусаў, якія жывуць “ва ўмовах татальнага кантролю і агрэсіўнай русіфікацыі”, захаванне чалавечых сувязяў з Еўропай ёсць “пытаннем нацыянальнага выжывання”, заявіла 28 кастрычніка ў Страсбургу кіраўніца дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў (КМРУ) Савета Еўропы Ірына Халопіца.
“Менавіта таму захаванне адкрытых памежных пераходаў і выдача віз беларусам маюць заставацца ключавымі прыярытэтамі, — заявіла яна на тэматычнай дыскусіі “Роля рэгіёнаў у трансгранічнай супрацы” ў рамках 51-й сесіі КМРУ. — Калі беларусы не могуць ездзіць у Еўропу, яны вымушаныя ездзіць у Расію. Гэта падвышае рызыку паглынання Беларусі Расіяй, што наўпрост пагражае еўрапейскай бяспецы”.
“Мы павінны памятаць, што гарады і раёны Беларусі апынуліся ў ізаляцыі не з уласнай волі. На працягу дзесяцігоддзяў нашы памежныя рэгіёны паспяхова ўдзельнічалі ў еўрапейскіх праграмах трансгранічнай супрацы — у сферах аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, інфраструктуры і культуры. Менавіта рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] разбурыў гэтую супрацу, прамяняўшы рэгіянальныя партнёрствы на гібрыдныя атакі і саўдзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Менавіта таму новыя праграмы трансгранічнай супрацы былі запушчаныя без удзелу Беларусі”, — падкрэсліла яна.
Халопіца звярнула ўвагу на тое, што сёння “многія беларусы, што былі вымушаныя пакінуць радзіму”, жывуць у суседніх краінах Еўрасаюза, у тым ліку ў памежных рэгіёнах Польшчы і Літвы.
“Таму мы прапануем адаптаваць еўрапейскія праграмы трансгранічнай супрацы, каб дапамагчы рэгіёнам Польшчы і Літвы, якія прымаюць беларусаў, працаваць з беларускай дыяспарай і аказваць ёй падтрымку. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што дыяспара таксама з’яўляецца найважнейшым каналам сувязі з беларусамі, якія застаюцца ў краіне”, — заявіла яна.
Кіраўніца дэлегацыі КР заклікала еўрапейскія рэгіёны “працягваць будаваць масты да людзей” у той час, калі “рэжымы ўзводзяць сцены”.
Увесну 2022 года Еўрапейская камісія “ў сувязі з расійскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны і ў адпаведнасці з рашэннем цалкам выканаць усе абмежавальныя меры ЕС” прыпыніла супрацу “з Расіяй і яе саюзнікам Беларуссю” па трансгранічных праграмах у рамках Еўрапейскага інструмента суседства і “Інтэррэг. Рэгіён Балтыйскага мора”.
Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Савета Еўропы, з’яўляецца яго трэцяй асноўнай інстытуцыяй (разам з Камітэтам міністраў і ПАСЕ), у якую ўваходзяць губернатары, мэры, кіраўнікі мясцовых уладаў з 46 краін СЕ.

- ЭканомікаНарыхтоўшчыкі завінаваціліся насельніцтву за малако амаль 45 тыс. рублёўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаПрадукцыйнасць працы вырасла ў гадавым выражэнні на 1,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСуседнія краіны ЕС зафіксавалі рэкордную за апошнія тры тыдні актыўнасць нелегальных мігрантаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

