Мінск 12:22

У суд накіраваная справа прараба, абвінавачанага ў гібелі рабочага на будоўлі ў Брэсце

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

28 кастрычніка, Позірк. Накіраваная ў суд крымінальная справа 50-гадовага вытворцы работ (прараба) адной з будаўнічых арганізацый, паведамляе Генеральная пракуратура.

Адзначаецца, што 18 лістапада 2025 года на будаўнічым аб’екце ў Брэсце прараб даў указанне падначаленым яму работнікам выкарыстаць фасадны пад’ёмнік, які не быў прыняты ў эксплуатацыю “належным чынам”.

Пры ўздыме двух рабочых і будматэрыялаў на чацвёрты паверх была перавышаная дапушчальная нагрузка на абсталяванне. Канструкцыі пад’ёмніка абрынуліся з людзьмі, яны не пацярпелі. Аднак, як паведамляецца, “процівагі, замацаваныя на даху аб’екта, упалі на 44-гадовага тынкоўшчыка, які знаходзіўся ў небяспечнай зоне”. Ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы здарэння.

Прараб абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 303 КК (парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачаны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

15 кастрычніка Следчы камітэт паведамляў аб прад’яўленні прарабу абвінавачвання.

У красавіку намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Алег Такун паведаміў, што за апошнія 20 гадоў вытворчы траўматызм у Беларусі скараціўся ў тры разы, смяротны — у два. Паводле звестак ведамства, у 2025 годзе зафіксаваны гістарычны мінімум колькасці смяротных выпадкаў на працы — 103.

Падзяліцца: