Мінск 09:06

Лукашэнка зноў выказаў надзею, што Мінск і Прага “вернуцца на шлях стваральнага партнёрства”

Фота: unsplash.com / Radek Kozak

28 кастрычніка, Позірк. Гісторыя адносін Беларусі і Чэхіі “памятае шмат прыкладаў канструктыўнага супрацоўніцтва”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 28 кастрычніка чэшскі народ з Днём узнікнення незалежнай чэхаславацкай дзяржавы.

“На працягу дзесяцігоддзяў беларусы і чэхі паспяхова развівалі міжчалавечыя кантакты, рэалізоўвалі эканамічныя, гуманітарныя і культурныя ініцыятывы”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, “у цяперашняй складанай геапалітычнай сітуацыі” неабходна “рабіць акцэнт на тым, што аб’ядноўвае, а не аддаляе народы, весці заснаваны на ўзаемнай павазе прагматычны дыялог, а не назапашваць нявырашаныя праблемы”.

“Перакананы, пошук пунктаў супадзення інтарэсаў дазволіць Мінску і Празе вярнуцца на шлях стваральнага партнёрства на карысць абодвух народаў. Беларусь гатовая прыкласці для гэтага неабходныя намаганні”, — падкрэсліў аўтар паслання.

У аналагічным віншаванні год таму Лукашэнка заявіў, што Беларусь “заўсёды адкрытая” для “канструктыўнага супрацоўніцтва” з Чэхіяй. Ён выказаў надзею, што, нягледзячы на “геапалітычныя выклікі і палітычную кан’юнктуру, ужо ў найбліжэйшай будучыні Мінск і Прага пераадолеюць існуючую турбулентнасць”.

У 2024-м з нагоды гэтага ж свята Лукашэнка адзначыў, што адметнай каштоўнасцю “канструктыўнага супрацоўніцтва” Беларусі і Чэхіі, гісторыя якога “налічвае многія дзесяцігоддзі”, заўсёды былі “кантакты паміж людзьмі самых розных прафесій, узросту, веравызнання і сацыяльнага статусу”. Ён выказаў надзею, што ў хуткай будучыні Мінск і Прага змогуць “аб’яднацца і вярнуцца да нармальнай працы, рэалізаваць канкрэтныя праекты ў эканамічнай і гуманітарнай галінах”.

У 2023-м аўтар віншаванні заявіў аб наяўнасці ў дзвюх дзяржаў “магчымасцяў для аднаўлення канструктыўнага супрацоўніцтва ў гандлёвай і гуманітарнай сферах”. “Беларускі бок да гэтага гатовы”, — адзначыў Лукашэнка.

Чэхія зьяўляецца часткай Еўрапейскага саюза, які не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі. ЕС увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

Беларускі ўрад увесну 2022 года зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

У апошнія гады Лукашэнка віншуе з рознымі святамі не кіраўніцтва, а народы “недружалюбных краін”.

Улады Чэхіі знаходзяцца ў конктакце з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Святлана Ціханоўская неаднаразова наведвала гэтую краіну і сустракалася з яе палітычным кіраўніцтвам. Апошні раз гэта адбылося 11 кастрычніка гэтага года.

Падзяліцца: