Ціханоўская: Рэжым хоча размаўляць з Еўропай пра бізнэс, а не палітвязняў

27 кастрычніка, Позірк. “Літаральна пару месяцаў таму” Мінск наведалі прадстаўнікі Еўрасаюза, якія “ў чарговы раз” падымалі пытанне вызвалення палітвязняў, паведаміла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская у відэазвароце на “Ютубе”, каментуючы адкрыты ліст еўрапейскім лідарам, які па стане на вечар 27 кастрычніка падпісалі 123 былых палітвязні (першапачаткова 73).
“Рэжым у чарговы раз адмахнуўся, як і падчас дзясяткаў іншых сустрэч на розных узроўнях. Маўляў, палітвязняў няма, яны злачынцы, давайце пагаворым лепш пра бізнэс і іншыя рэчы”, — сказала палітык.
Паводле яе, і ЕС, і еўрапейскія сталіцы ставяць пытанне палітвязняў першым у размовах з уладамі.
Ціханоўская падзякавала ўсім, хто падпісаў “ліст 73”: “Я з вялікай павагай стаўлюся да ўсіх былых палітвязняў: і тых, хто падпісаў ліст, і тых, хто выказвае сумневы. Я і сама б яго падпісала (дэмлідар не была ў зняволенні, яе прымусова выслалі з краіны амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. — “Позірк”.), бо падзяляю вашу боль і выказаныя патрабаванні. Вызваліць людзей, спыніць рэпрэсіі, каб усе маглі вярнуцца дадому. Яны справядлівыя. І я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб ваш голас быў пачуты”.
“Жыццё і свабода кожнага і кожнай — наш агульны прыярытэт. І апошнія шэсць гадоў не было ні дня, калі б мы не гаварылі пра палітвязняў. І ўвесь гэты час нам удаецца трымаць пытанне палітвязняў на міжнародным парадку дня: і ў Брусэлі, і ў Вашынгоне, і ў Варшаве, і ў Вільнюсе”, — падкрэсліла палітык.
Паводле яе, тое, што пытанне палітвязняў стала галоўным у камунікацыі з Мінскам, што людзі выходзяць на волю, стала вынікам шматгадовых намаганняў і санкцыйнага ціску, а не таго, што “Лукашэнка раптам стаў гуманным”.
“Мы ў кантакце і з амерыканскай адміністрацыяй, і з кіраўніцтвам ЕС, і гуманітарны трэк па вызваленні людзей працягваецца, — адзначыла Ціханоўская. — Мы падтрымліваем працу [спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі] Джона Коўла і спадзяемся, што неўзабаве яшчэ больш людзей апынуцца на волі. Мы ўсе прыкладаем максімум намаганняў дзеля вызвалення людзей”.
На яе думку, тэма палітвязняў, неабходнасці спынення рэпрэсій, дэмакратызацыя Беларусі павінна аб’ядноўваць беларусаў. Яна заклікала не дазваляць рэжыму ўчыніць раскол: “Тыя дылемы, якія закідваюць — ціск ці дыялог, перамовы ці санкцыі — яны фальшывыя. Адно без другога не працуе. Без ціску рэжым не будзе весці сур’ёзны дыялог, як і без санкцый не было б цяперашніх вызваленняў і не будзе наступных”.
Менавіта Лукашэнка працягвае рэпрэсіі, а яго рэжым “выдатна разумее, што трэба зрабіць, каб санкцыі з Беларусі былі снятыя, але гэтага не робіць”, сказала палітык.
“Таму наша задача — змусіць рэжым да сапраўднага дыялогу, да змены сваёй палітыкі. А для гэтага неабходна працягваць ціск, каб рэжыму было таксама балюча, як і людзям, якія цяпер незаконна сядзяць у турме. І тады, я ўпэўненая, мы зможам пабачыць і больш людзей наволі і дабіцца спынення рэпрэсіі і вяртання ўсіх дадому. <…> Мы ўсе, і нават людзі ўнутры сістэмы, шукаем выхаду з крызісу, у які зацягвае рэжым нашу краіну. І ўжо цяпер прапануем рэжыму дыялог праз круглы стол. Мы гатовыя, не гатовы рэжым”, — падкрэсліла Ціханоўская.
Яна таксама нагадала, што да новых санкцый і ізаляцыі Беларусі ў першую чаргу як краіны-агрэсара вядзе падтрымка вайны Расіі супраць Украіны.
У звароце, пра які стала вядома 26 кастрычніка, аўтары і тыя, хто далучыўся пазней, просяць еўрапейскіх палітыкаў выкарыстоўваць для вызвалення палітвязняў “усе даступныя сродкі: дыпламатычныя каналы, перагаворныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую работу”.
Утрымліваецца заклік зрабіць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій “пастаянным пунктам парадку дня ў любым кантакце з Мінскам і ў любых размовах аб будучыні адносін з Беларуссю”, “прыярытэтам еўрапейскай палітыкі”.
Сярод тых, кто падпісаў ліст, муж Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта на выбарах-2020 Віктар Бабарыка, член каманд Бабарыкі (да яго арышту) і Ціханоўскай Марыя Калеснікава, былыя кіраўнікі разгромленага ўладамі папулярнага партала tut.by Людміла Чэкіна і Марына Золатава, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, праваабаронцы Наста Лойка, Марфа Рабкова.
Заява выклікала публічныя спрэчкі паміж былымі палітвязнямі. Сярод падпісантаў, у прыватнасці, няма лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, старшыні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, актывістаў Мікалая Дзядка, Эдуарда Пальчыса і інш.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСуседнія краіны ЕС зафіксавалі рэкордную за апошнія тры тыдні актыўнасць нелегальных мігрантаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаДэлегацыя КР абмеркавала з кіраўніцтвам Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў СЕ сваю дзейнасць у арганізацыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаГістарычны досвед Беларусі і Ірландыі ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці падобны — ЦіханоўскаяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаУ верасні колькасць занятых у эканоміцы зменшылася амаль на 11 тыс. — аналізМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваЗ пачатку 2026 года на аб'ектах АПК згарэла або пацярпела 36 адзінак сельгастэхнікі — аналізМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка