Мінск 09:06

Мінск і Ташкент абмеркавалі кааперацыю ў будаўніцтве АЭС ва Узбекістане

28 кастрычніка, Позірк. Магчымасці вытворчасці трансфарматарнага абсталявання для атамнай энергетыкі ў супрацоўніцтве з Узбекістанам і расійскай дзяржкарпарацыяй “Расатам” абмеркавали міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз і дырэктар агенцтва “Узатам” Азім Ахмедхаджаеў 27 кастрычніка ў Мінску.

Як паведамляе беларускае Мінэнерга, абмеркаваны таксама ўдзел беларускіх спецыялістаў і прадпрыемстваў у будаўніцтве АЭС у краіне, “лакалізацыя энергетычнага абсталявання” і развіццё вытворчай кааперацыі.

Удакладняецца, што Беларусь дапамагае узбекскаму боку падбіраць спецыялістаў для будаўніцтва станцыі і спадарожнай інфраструктуры — у адпаведнасці з дарожнай картай супрацоўніцтва паміж ведамствамі да 2027 года.

Мароз прапанаваў “прапрацаваць узаемадзеянне” Мінскага электратэхнічнага завода ім. Казлова, “Узатама” і “Расатама” ў вытворчасці трансфарматарнага абсталявання.

Бакі таксама разгледзелі магчымасць паставак беларускага абсталявання і стварэння сумесных вытворчасцей ва Узбекістане.

У сакавіку 2026 года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць Беларусі дапамагчы Узбекістану са спецыялістамі для будаўніцтва АЭС.

У ліпені, напярэдадні візіту прэзідэнта Шаўката Мірзіёева ў Мінск, бакі таксама заяўлялі пра намер развіваць вытворчую кааперацыю і рэалізоўваць сумесныя праекты. Сярод прыярытэтных кірункаў называліся машынабудаванне, фармацэўтыка, лёгкая і харчовая прамысловасць.

Ахмедхаджаеў наведвае Мінск для ўдзелу ў штогадовай выставе EnergyExpo. Акрамя яго, на форуме ў яе рамках выступілі прадстаўнікі Ірака, Ірана, М’янмы, РФ, у тым ліку Татарстана, “СНД і Саюзнай дзяржавы”.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудавана паводле расійскага праекта, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”.

На працягу апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова выказваўся аб магчымасці будаўніцтва другой атамнай станцы альбо яшчэ аднаго блока дзейнай.

Падзяліцца: