Мінск 11:14

У Лунінецкім раёне патанула жанчына — пайшла гуляць з сабакам, цела знойдзена праз суткі ў меліярацыйным канале

Ілюстрацыйнае фота: ТРВОД

28 кастрычніка, Позірк. Пра ўтапленне ў Лунінецкім раёне (Брэсцкая вобласць) жанчыны 1958 года нараджэння паведаміла Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Інфармацыя аб выяўленні цела паступіла 27 кастрычніка ў 14:50, гаворыцца ў паведамленні. Жанчына патанула ў меліярацыйным канале каля аграгарадка Бродніца.

“26 кастрычніка каля 16:30, жанчына пайшла гуляць з сабакам. У 21:34 у Лунінецкі РАУС звярнулася яе знаёмая з заявай аб знікненні — неадкладна пачаліся аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы”, — адзначае ТРВОД.

Паведамляецца, што загінулую выявілі супрацоўнікі РАУС на паверхні вады ў трох метрах ад берага. Глыбіня канала ў гэтым месцы складае каля 0,4 метра.

Як паведамлялася, у купальны сезон 2026 года (з траўня да верасня) у Беларусі патанула 145 чалавек — на пяць менш (-3%), чым летась. Найбольш людзей загінула пры падзенні ў ваду — 57. Пры купанні — 51.

За сезон быў выратаваны 181 чалавек, у тым ліку работнікамі арганізацыі — 147.

Згодна з данымі МНС, за пяць гадоў (2021–2025) у беларускіх вадаёмах патанула 1.984 чалавекі, у тым ліку 132 дзіцяці. Асобна ў 2025-м — 282 (12).

Падзяліцца: