Мінск 15:23

Паліцыя Малдовы пачала расследаванне па факце перавозкі выбаршчыкаў у Мінск для галасавання на парламенцкіх выбарах

Фота: gagauzinfo.md

28 верасня, Позірк. Паліцыя Малдовы на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” паведаміла, што “апавешчаная аб арганізаванай перавозцы выбаршчыкаў з Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь”.

“Арганізаваная перавозка выбаршчыкаў забароненая законам і кваліфікуецца як спроба незаконнага ўплыву на выбарчы працэс”, — гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым, як адзначаецца, паліцыя “прадпрымае крокі па праверцы і расследаванні абставінаў, выяўленні ўцягнутых асоб і прадухіленні такіх дзеянняў”.

Падкрэсліваецца, што паліцыя будзе “аператыўна і цвёрда” спыняць “любыя формы карупцыі або незаконнага ўплыву на выбаршчыкаў, забяспечваючы правядзенне свабодных і справядлівых выбараў”.

Паведамленне паліцыі суправаджаецца відэа, на якім знятыя людзі ў салоне аўтобуса, які рухаецца.

Раней паведамлялася аб прыездзе ў Мінск з РФ для галасавання на парламенцкіх выбарах дзясяткаў малдаўскіх грамадзян. Выбарчы ўчастак размешчаны ў амбасадзе Малдовы ў Беларусі.

У РФ адкрыта ўсяго два ўчасткі для галасавання на выбарах у малдаўскі парламент, абодва размешчаныя ў Маскве.

Фаварытамі на выбарах у Малдове, паводле сацапытанняў, з’яўляюцца кіроўная праеўрапейская партыя “Дзеянне і салідарнасць” прэзідэнта Маі Санду і апазіцыйны Патрыятычны выбарчы блок былога прэзідэнта Ігара Дадона, які выступае за збліжэнне з Расіяй.

На думку палітычных экспертаў, выбары ў Малдове з’яўляюцца “гістарычнымі”, бо іх вынікі могуць паўплываць на далейшы курс краіны, у прыватнасці, на перспектывы еўраінтэграцыі. Цяпер Малдова з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў ЕС, гэты працэс можа запаволіцца або зусім спыніцца ў выпадку прыходу да ўлады блока Дадона.

Перад выбарамі афіцыйны Кішынёў не раз заяўляў аб беспрэцэдэнтным умяшанні Масквы ў выбарчы працэс. За сувязі з Крамлём некалькі партый былі адхіленыя ад удзелу ў выбарах.

На прэзідэнцкіх выбарах у Малдове ўвосень 2024 года была пераабраная Санду. Па выніках другога тура яна набрала 55,35% галасоў выбаршчыкаў, яе апанент — падтрыманы партыяй Дадона прарасійскі палітык Аляксандр Стаяногла — 44,65%. На ўчастак для галасавання ў амбасадзе Малдовы ў Мінску масава завозіліся малдаване з Расіі, якія ў асноўным сімпатызуюць РФ. Гэта адбілася на выніках галасавання ў дыпмісіі.

12 ліпеня на сустрэчы ў Мінску з Дадонам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады “гатовыя да супрацоўніцтва з Малдовай”.

Падзяліцца: