Мінск 02:39

Сума наяўных грошай у абароце з пачатку года павялічылася амаль на 16,5% — Нацбанк

Фота: moneyinformer.ru

17 кастрычніка, Позірк. Сума наяўных грошай у абароце (агрэгат М0) на 1 кастрычніка 2025 года склала 13 млрд 810,8 млн рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 1 млрд 954,5 млн (на 1 студзеня — 11 млрд 856,3 млн; +16,5%), паведамляе Нацыянальны банк.

Пераводныя дэпазіты з пачатку года сталі меншымі на 7,1% — з 17 млрд 519 млн да 18 млрд 761,9 млн.

Наяўныя грошы ў абароце і пераводныя дэпазіты ў нацыянальнай валюце (М1) павялічыліся на 10,9% — з 29 млрд 375,3 млн да 32 млрд 572,7 млн.

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) павялічылася з 52 млрд 222,1 млн да 59 млрд 454,5 млн (+13,8%), рублёвая грашовая маса (М2*) — з 53 млрд 991,5 млн да 62 млрд 165,9 млн (+15,1%), шырокая грашовая маса (М3) — з 88 млрд 750,4 млн да 96 млрд 652,8 млн (+8,9%).

За 2024 агрэгат М0 вырас на 25,1% (за 2023 год — на 37,44%), М1 — на 19,9% (33,85%), М2 — на 34,28% (29,8%), М2* — на 28,6% (34,73%), М3 — на 17,3% (23,56%).

Нацыянальны банк Беларусі “фактычна страчвае статус аўтаномнага органа і ўсё ў большай ступені падпарадкоўваецца цяперашнім інтарэсам выканаўчай улады”, гаворыцца ў бюлетэні “Экспертны погляд” у рамках праекта “Маніторынг эканомікі Беларусі” даследчага цэнтра BEROC.

Аўтар даследавання “Інстытуцыянальнае паслабленне Нацбанка і наступствы для цэнавай і макраэканамічнай палітыкі” старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык канстатаваў, што “зрух фокусу манетарнай палітыкі ад цэнавай стабільнасці да адміністрацыйнай падтрымкі росту ВУП узмацняе перагрэў эканомікі, аслабляе істытуцыянальныя асновы развіцця і падвышае ўразлівасць перад вонкавымі шокамі”.

7 жніўня 2024 года Раман Галоўчанка, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра, заявіў, што “так званыя эксперты палохаюць перагрэвам эканомікі”. “З таго боку ўсе эканамічныя навіны падаюцца выключна ў негатыўным ключы, разлічваючы на ​​людзей, якія не вельмі разбіраюцца ў эканамічных мадэлях”, — сказаў ён.

Паводле яго сцвярджэння, у эканоміцы “магло б быць яшчэ больш грошай”, але пакуль урад “не бачыць патрэбы ў дадатковай крэдытнай падтрымцы банкаўскай сістэмы”.

Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка прызначыў Галоўчанку старшынёй праўлення Нацыянальнага банка.

Эканоміка Беларусі пры адсутнасці моцных вонкавых шокаў “працягне функцыянаваць у стане перагрэтага залішняга ўнутранага попыту”, вынікае з агляду манетарнага асяроддзя за другі квартал 2025 года, прадстаўленага даследчым цэнтрам BEROC.

На думку экспертаў, “гэта будзе суправаджацца высокай [гадавой] інфляцыяй”, якая “можа наблізіцца да верхняй рысы дыяпазону 7–9% да канца гэтага года”.

Аналітыкі адзначаюць, што “нежаданне Нацбанка надаваць манетарнай палітыцы ўмераную жорсткасць азначае, што грашова-крэдытныя ўмовы не будуць садзейнічаць хуткай нейтралізацыі назапашаных дысбалансаў у эканоміцы”.

Заява Галоўчанкі пра тое, што цяпер няма перадумоў для падвышэння стаўкі рэфінансавання, выглядае дзіўна, такое меркаванне выказаў Харытончык на прэс-канферэнцыі 12 жніўня.

Эксперт нагадаў, што перад падвышэннем у чэрвені стаўкі рэфінансавання кіраўнік рэгулятара “казаў прыкладна тое ж самае”, што стаўка “знаходзіцца на прымальным узроўні і няма прычын для яе падвышэння”.

“Ну і пасля тых заяў ніякіх новых даных, увогуле, не з’явілася, а стаўка падвысілася. Таму да гэтых заяў трэба ставіцца кансерватыўна”, — лічыць прадстаўнік даследчага цэнтра.

Падзяліцца: