Мінск 19:15

Ціханоўская: Наша мэта — зрабіць еўрапейскую перспектыву Беларусі альтэрнатывай “рускаму свету”

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

17 кастрычніка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка — “не назаўжды”, але “беларускі народ будзе заўсёды з жаданнем жыць у свабоднай, заможнай, дэмакратычнай і еўрапейскай краіне”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы 17 кастрычніка ў Нідэрландах з амбасадарамі больш як дваццаці краін Еўрасаюза.

Паводле слоў палітыка, якія перадае яе прэс-служба, дэмакратычныя сілы рыхтуюцца да перамен — распрацоўваюць рэформы, супрацьдзейнічаюць прапагандзе, шукаюць саюзнікаў сярод беларускай наменклатуры.

“Шмат хто ў сістэме разумее, што час Лукашэнкі мінае. Калі настане момант, будзе толькі два шляхі — застацца пад кантролем Расіі або ісці ў бок Еўрасаюза. Наша мэта — зрабіць еўрапейскую перспектыву рэалістычнай і альтэрнатывай “рускаму свету”, — сказала Ціханоўская.

Яна адзначыла, што беларусы “глядзяць на Украіну, падтрымліваюць і вучацца ў яе”, разумеючы, што калі пераможа Украіна, перамогуць і яны.

“Таму беларусы валанцёраць, дапамагаюць, а многія ідуць ваяваць. Але адна толькі сіла зброі не працуе без людзей, гатовых змагацца за сваю свабоду. Падтрымка беларускага дэмакратычнага руху і нашага грамадства цяпер мае вырашальнае значэнне. Нам не трэба зброі — нам патрэбная падтрымка медыя, праваабаронцаў, актывістаў, валанцёраў, дзеячаў культуры і дэмакратычных інстытутаў,” — падкрэсліла Ціханоўская.

Двухдзённы візіт Ціханоўскай у Нідэрланды пачаўся 17 кастрычніка. Палітык правядзе сустрэчы ў Гаазе і Амстэрдаме, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Раней анансавалася ўдзел Ціханоўскай у кангрэсе Партыі еўрапейскіх сацыялістаў (PES). Таксама запланаваныя перамовы з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Дыкам Шуфам і кіраўніком МЗС краіны Дэвідам ван Вілам, сустрэча з дыяспарай.

На кангрэс чакаецца прыбыццё прэзідэнта Еўрапейскай рады Антоніу Кошты, прэм’ер-міністра Іспаніі Пэдра Санчаса, віцэ-канцлера Германіі Ларса Клінгбайля і іншых.

Падзяліцца: