Мінск 18:14

Вальфовіч заявіў пра неабходнасць абараніць крытычную інфраструктуру, уразлівую ва ўмовах сучаснай вайны

Архіўнае фота: прэс-служба Мінабароны

21 кастрычніка, Позірк. У сучаснай вайне аб’екты камунальна-энергетычнай сістэмы — складнікі крытычнай інфраструктуры — “становяцца аднымі з самых уразлівых элементаў і патрабуюць надзейнай абароны”, заявіў 21 кастрычніка падчас вучэнняў па грамадзянскай абароне пад Барысавам (Мінская вобласць) дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба МНС, абарона такіх аб’ектаў залежыць ад “паспяховай рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў усімі элементамі вайсковай арганізацыі дзяржавы”.

Цяперашнія вучэнні дазваляюць не толькі “падвысіць гатоўнасць службовых асоб аператыўна рэагаваць на розныя рызыкі і выклікі”, адзначыў Вальфовіч, але і ацаніць “створаную ў Беларусі сістэму дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы грамадзянскай абароны” і ў выпадку неабходнасці “ўнесці адпаведныя карэктывы”.

“Трэба быць гатовымі да любога развіцця сітуацыі. А гэта дасягаецца толькі трэніроўкамі ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных”, — перакананы дзяржсакратар Савета бяспекі.

19 кастрычніка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” Вальфовіч заявіў, што ў Беларусі вядзецца праца па комплекснай антыдронавай абароне. Паводле яго слоў, “на шэрагу прадпрыемстваў” ужо “маюцца рэкамендацыі” наконт рэагавання на беспілотнікі.

“Комплексная антыдронавая абарона — гэта не проста паставіць нейкі прыбор, гэта і розныя інжынерныя збудаванні, розныя маскавальныя сеткі, ахоўныя сеткі, тросавыя збудаванні, якія зробленыя для прыкрыцця аб’ектаў, экраны для процідзеяння розным электрамагнітным хвалям, інфрачырвонаму выпраменьванню”, — сказаў ён.

На вучэннях па грамадзянскай абароне 21 кастрычніка, паводле інфармацыі МУС, “адпрацоўваюцца дзеянні пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, у тым ліку ва ўмовах масавых парушэнняў функцыянавання камунальна-энергетычных сетак”.

У сваю чаргу МНС заявіла, што ў рамках мерапрыемства быў адпрацаваны “адзін з самых крытычных сцэнарыяў”, звязаны з ліквідацыяй наступстваў “умоўнай атакі беспілотнага лятучага апарата, якая прывяла да пашкоджання наземнага газаправода і ўзгарання газапаветранай сумесі”.

У комплексных вучэннях з рэспубліканскімі службамі грамадзянскай абароны сярод іншых удзельнічае кіраўніцтва ўрада, міністэрстваў, ведамстваў, а таксама дзяржсакратарыята Савета бяспекі.

Мерапрыемства праводзіцца на фоне рэгулярнага парушэння паветранай прасторы беспілотнікамі, як мяркуецца, тымі, якімі Расія атакуе ўкраінскую тэрыторыю, а таксама на фоне частых нападаў Украіны на паліўную інфраструктуру РФ.

Падзяліцца: