Мінск 18:07

Адрозненні не павінны перашкаджаць дыялогу — кардынал Гуджэроцці на сустрэчы з Лукашэнкам

27 кастрычніка, Позірк. “Тыя або іншыя адрозненні” не павінны перашкаджаць дыялогу, заявіў прадстаўнік Ватыкана, кардынал Клаўдыё Гуджэроцці на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 27 кастрычніка.

“Дыялог — гэта важна, — цытуе Гуджэроцці прэс-служба Лукашэнкі. — Глядзець у вочы адзін аднаго, разумець, што ў нас ёсць тое ж самае — душа. Тады ўсё магчыма, калі ты адчуваеш, што паважаеш і любіш чалавека. Будучыня ў нашых руках і руках Божых”.

Заяўляецца, што Лукашэнка пагадзіўся з такім пунктам гледжання ў кантэксце “існуючых у Еўропе і свеце праблем”. Паводле яго слоў, візіт Гуджэроцці ў Беларусь “вельмі добра ўспрынялі” не толькі каталікі, праваслаўныя, але “нават мусульмане”.

“Я памятаю ўсе нашы сустрэчы, размовы, перамовы, абавязацельствы, якія мы выконваем, выканалі ці нешта не выканалі — мы сёння з вамі адкрыта па-сяброўску пагаворым пра гэта. Я вельмі рады сустрэцца і абмеркаваць усе пытанні, якія, магчыма, назапасіліся ў нашых адносінах”, — сказаў Лукашэнка.

Ён запрасіў суразмоўцу прыязджаць у Беларусь “у любы час” і абяцаў вырашыць пытанне з візай, паколькі кардынал “не чужы чалавек”.

“Такое свята ў Пінску, Брэсце, Гомелі. Сустрэча з людзьмі была цудоўнай. Таму што відаць, што ўсміхаюцца. Адчуваю, што надзея ёсць. Маладыя ёсць. Хлопчыкі, дзеці ёсць. Гэта значыць, што разумеюць, што будучыня бліскучая, калі мы ўсе працуем разам”, — сказаў таксама на сустрэчы Гуджэроцці.

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці наведвае Беларусь у якасці спецыяльнага пасланніка папы рымскага Льва XIV для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды святкавання 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі. Яна была заснаваная 25 кастрычніка 1925 года і цяпер з’яўляецца адной з чатырох каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі, ахопліваючы тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Прадстаўнік Ватыкана ў 2011–2015 гадах займаў пасаду апостальскага нунцыя ў Беларусі.

Раней паведамлялася, што Гуджэроцці выступіў у рамках згаданых мерапрыемстваў з пропаведдзю, адрасаванай моладзі.

Сярод іншага, як адзначалася, ён “папрасіў моладзь занесці дабраславенне ад імя папы Льва XIV усім, хто чакае падтрымкі, суцяшэння, надзеі”. “Не толькі людзям, але таксама ўсёй краіне, якая не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай, забытай усімі. Бог любіць усіх і жадае, каб усе жылі ў радасці і шчасці. Гэта таксама пажаданне каталікоў усяго свету, накіраванае да вас”, — сказаў кардынал.

25 кастрычніка, выступаючы ў пінскай кафедральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і будынку былой духоўнай семінарыі, Гуджэроцці, у прыватнасці, звярнуўся да прысутных “прадстаўнікоў дзяржаўнай улады”.

“Шукайце любові, шукайце дабра ў гэтым свеце, шукайце адзінства і любові ў гэтым народзе. Вы народ ціхі, спакойны, і ў гэтым ваша сіла. Вы пакорлівыя, сціплыя, працавітыя, і людзі па-за Беларуссю любяць вас такімі, якімі вы ёсць. Вы шчырыя, праўдзівыя і адкрытыя. Дапамагайце гэтаму народу развіваць гэтыя яго лепшыя якасці”, — сказаў іерарх.

18 кастрычніка паведамлялася, што папа рымскі Леў XIV афіцыйна прызначыў прэфекта дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў кардынала Клаўдыё Гуджэроці сваім асаблівым пасланнікам на ўрачыстасцях, прымеркаваных да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі (Брэсцкая вобласць).

З паведамлення вынікала, што з просьбай прызначыць “выдатнага кардынала, які б вымавіў словы духоўнага настаўлення на ўрачыстай імшы”, да пантыфіка звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Пра тое, што Гуджэроцці возьме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды векавога юбілею Пінскай дыяцэзіі, напярэдадні згадала Міністэрства замежных спраў Беларусі, паведамляючы пра сустрэчу амбасадара пры Святым пасадзе Юрыя Амбразевіча з кардыналам.

Адзначалася, што на сустрэчы “бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Святым пасадам па напрамках, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі кардынала Гуджэроцці”. Амбразевіч перадаў кардыналу падарунак і “арыгінал асабістага паслання” Аляксандра Лукашэнкі на адрас Льва XIV з нагоды яго 70-годдзя (14 верасня).

16 кастрычніка старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі перадаў пантыфіку падчас прыватнай аўдыенцыі афіцыйнае пісьмовае запрашэнне наведаць Беларусь “ад імя бускупства, духавенства і ўсіх вернікаў краіны”.

Паведамлялася, што на аўдыенцыі “беларуская дэлегацыя ўзняла шэраг вострых пытанняў, якія хвалююць вернікаў”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі паміж уладамі ў Мінску і Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Ад пачатку восені 2020 года па 25 верасня 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 91 хрысціянскі служыцель, у тым ліку прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі — 35, Беларускай грэка-каталіцкай царквы — 5, а таксама адзін замежны манах — польскі кармеліт Гжэгаж Гавел.

Цяпер рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Падзяліцца: