Мінск 23:09

Выгнанне прадстаўнікоў СМІ з Беларусі стала яшчэ адным метадам знішчэння незалежнай журналістыкі — кіраўнік БАЖ

Ілюстрацыя: Justice for Journalists

31 кастрычніка, Позірк. Сёлета рэжым Аляксандра Лукашэнкі вызваліў 15 журналістаў, яны былі “фактычна дэпартаваныя з краіны разам з іншымі вызваленымі палітычнымі зняволенымі на неабгрунтаваных юрыдычных падставах і без якіх-небудзь дакументаў або тлумачэнняў”, заявіў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец у каментарыі фонду фонду “Справядлівасць для журналістаў” (Justice for Journalists).

Справаздачу аб пераследзе журналістаў у Беларусі і Расіі фонд апублікаваў 31 кастрычніка — напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з беспакаранасцю за злачынствы.

Паводле слоў Бастунца, прымусовае выдварэнне прадстаўнікоў СМІ “стала чарговым метадам знішчэння незалежнай журналістыкі ўнутры краіны”.

Каля трох дзясяткаў супрацоўнікаў СМІ застаюцца ў Беларусі за кратамі, канстатаваў старшыня БАЖ. “Некалькі калегаў чакаюць суда, і працягваюць узбуджацца новыя крымінальныя справы — не толькі супраць тых, хто застаўся ў Беларусі, але і супраць тых, хто знаходзіцца за мяжой. Такія справы распачынаюцца ў рамках так званай “спецыяльнай вытворчасці”, гэта значыць без удзелу абвінавачаных і часцяком нават без паведамлення ім аб прад’яўленні крымінальных абвінавачванняў”, — адзначыў Бастунец.

Улады, паводле яго слоў, ціснуць на сваякоў як зняволеных журналістаў, так і тых, хто пакінуў краіну, з мэтай “абмежаваць інфармацыю пра рэпрэсіі ўнутры Беларусі і прымусіць журналістаў да самацэнзуры”.

Бастунец паведаміў, што ў Беларусі не менш за 13 работнікаў СМІ завочна асуджаныя “на тэрмін да 20 гадоў у сукупнасці”.

У ліку 52 палітвязняў, выпушчаных на волю 11 верасня ў рамках здзелкі паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнкам, журналісты Вячаслаў Лазараў, Ігар Лосік, Аляксандр Манцэвіч, Яўген Меркіс, Павел Мажэйка, Павел Падабед, Ірына Слаўнікава, Алена Цімашчук і Ларыса Шчыракова.

Усе яны былі вывезеныя ў Літву.

Падзяліцца: