Мінск 19:02

Лукашэнка настойліва запрашае ў Беларусь прэм’ер-міністра Індыі

Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі
Архіўнае фота: Hindustan Times

4 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 4 лістапада ў Мінску з амбасадарам Індыі Асокам Кумарам, чарговы раз запрасіў у Беларусь індыйскага прэм’ер-міністра Нарэндру Модзі.

“Былі б радыя вітаць у Беларусі прэм’ер-міністра Модзі. Мы заўсёды гатовыя яго прымаць, чакаем яго ў Беларусі. Гэтак жа, як і ўвесь беларускі народ, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Я ўпэўнены, што беларусы хацелі б убачыць тут прэм’ер-міністра — вельмі дасведчанага, пісьменнага і дужа ўплывовага чалавека”.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, асабіста ў яго склаліся “вельмі добрыя і цёплыя” стасункі з кіраўніком індыйскага ўрада: “Мы пастаянна з ім маем зносіны на міжнародных пляцоўках, як гэта было апошнім часам у Кітаі на пасяджэннях ШАС”.

“Мы гатовыя з вамі працаваць пад вашым старшынствам у БРІКС і гатовыя зрабіць усё неабходнае для таго, каб ваша старшынства было паспяховым, — запэўніў спікер дыпламата. — Мы ўдзячныя вам за тую дапамогу і падтрымку, якую вы аказалі нам пры ўступленні ў ШАС, а таксама за партнёрства ў БРІКС. Мы з задавальненнем абапіраемся на вашу дапамогу і падтрымку. І вы ніколі нам у гэтай дапамозе і падтрымцы не адмаўлялі”.

Сярод іншага Лукашэнка заявіў Кумару, што цяперашнія паўмільярда долараў узаемнага тавараабароту — “гэта амаль нішто”, і, на яго думку, “цалкам рэальна і дасягальна” давесці гэты паказчык да 2–3 млрд.

Віншуючы 15 жніўня індыйскае кіраўніцтва з Днём незалежнасці іх краіны, Лукашэнка чарговы раз прапанаваў прэзідэнту Індыі Драўпадзі Мурму і прэм’еру Модзі “наведаць Мінск у зручны час” — для “знаёмства з патэнцыялам Беларусі ў розных сферах і вызначэння перспектыўных напрамкаў міжнароднай супрацы”.

У звароце да Модзі Лукашэнка адзначыў “актыўную працу па фармаванні эканамічнай і палітычнай базы для выхаду дзвюх краін на ўзровень стратэгічнага партнёрства”, падкрэсліў, што “створаныя спрыяльныя ўмовы для нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязей, дасягнуты прагрэс у рэалізацыі сумесных праектаў — лакаматываў двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў прамысловай, фармацэўтычнай і абароннай сферах”.

“Перакананы, што мы будзем і надалей прыкладаць усе магчымыя намаганні для пашырэння сувязей праз паспяховую рэалізацыю сумесных праектаў. Спадзяюся на сустрэчу з вамі налета на платформе БРІКС у індыйскай сталіцы”, — адзначыў ён.

Пра “рашучасць вывесці двухбаковы дыялог” з Нью-Дэлі на “ўзровень стратэгічнага партнёрства” Лукашэнка заяўляў 10 чэрвеня 2024 года, віншуючы Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах.

У жніўні 2023 года, віншуючы Модзі з Днём незалежнасці, Лукашэнка чарговы раз абнавіў запрашэнне наведаць Беларусь.

У 2017 годзе Лукашэнка наведваў Дэлі і на сустрэчы з Модзі запрасіў “найбліжэйшым часам” прыехаць у Беларусь, каб вывесці стасункі на новы ўзровень.

Судзячы па ўсім, запрашэнні пакуль не былі прынятыя.

Паводле даных амбасады Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн (даныя пра гандаль за 2022–2024 гады не прыводзяцца).

Беларусь накіроўвала ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы ды інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання ды іншыя тавары.

Падзяліцца: