Мінск 15:45

АПК заклікаў “захоўваць і пашыраць” магчымасці беларусаў наведваць ЕС

Ілюстрацыя: старонка АПК у "Фэйсбуку"

5 лістапада, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі “працягвае гібрыдную агрэсію супраць суседніх дзяржаў”, тым самым ён “прыводзіць да ўскладненняў і абмежаванняў міжчалавечых кантактаў беларусаў з грамадзянамі дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза”. Аб гэтым гаворыцца ў каментарыі прэс-службы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па выніках праведзенага 4 лістапада пасяджэння ў сувязі з закрыццём мяжы Літвой.

“Прынятае Літвой рашэнне аб абароне ўласных нацыянальных інтарэсаў і бяспекі літоўскага грамадства з’яўляецца лагічным крокам і рэакцыяй на мэтанакіраваныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі па парушэнні міжнародных абавязацельстваў”, — заяўляе АПК.

Адзначаецца, што такія дзеянні Мінска накіраваныя “як на дэстабілізацыю сітуацыі на мяжы, так і на выкарыстанне паветранай прасторы для кантрабанды тавараў на тэрыторыю краіны-суседкі”, гэта прывяло “да закрыцця аэрапортаў на тэрыторыі Літвы, нанясення маральнай і матэрыяльнай шкоды як тысячам пасажыраў, так і перавозчыкам”.

Аб’яднаны пераходны кабінет “успрымае з разуменнем рашэнне ўрада Літвы” і “заклікае захоўваць і пашыраць магчымасці грамадзянам Беларусі перасякаць мяжу з ЕС”.

“Адначасова [АПК] выступае за неабходнасць эканамічнага ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай прымусіць яго змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку”, — гаворыцца ў каментарыі.

Падкрэсліваецца, што “ўсю паўнату адказнасці за сітуацыю, якая склалася на межах Беларусі з краінамі ЕС, нясе выключна рэжым Лукашэнкі і яго спецслужбы”.

“Аб’яднаны пераходны кабінет працягне камунікацыю з прадстаўнікамі дзяржаўі— членаў Еўрапейскага саюза з мэтай адвакацыі правоў беларусаў, асабліва для захавання магчымасцяў для мабільнасці. Адначасова мы будзем працягваць камунікацыю з партнёрамі дзеля прымусу рэжыму Лукашэнкі да змены палітыкі ў дачыненні да беларусаў, спынення гібрыднай агрэсіі супраць ЕС, а таксама падтрымкі агрэсіі Расіі супраць Украіны”, — адзначае АПК.

Канстатуецца, што народ Беларусі — “гэта не рэжым Лукашэнкі, і ён варты свабоды і мабільнасці”.

Усе пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы будуць закрытыя на працягу месяца — такое рашэнне прынята на пасяджэнні ўрада балтыйскай краіны 29 кастрычніка ў сувязі з масавымі залётамі з Беларусі метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Магчыма падаўжэнне абмежаванняў пасля 30 лістапада.

Познім вечарам 26 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін, такім чынам, цяпер тэрмін падоўжаны да канца восені.

Да гэтага Літва закрывала мяжу некалькі разоў. Прычынай сталі паветраныя шары з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія ў тым ліку пагражалі працы аэрапорта ў Вільнюсе. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.

Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы “самі з тэрыторыі Беларусі перакідвалі цыгарэты на метэаралагічных зондах”, каб зарабіць на перапродажы.

Падзяліцца: