Нападам на Беларусь будзе лічыцца агрэсія ў дачыненні да любой краіны АДКБ — прыняты ў другім чытанні законапраект

5 лістапада, Позірк. Нападам на Беларусь будзе лічыцца агрэсія ў дачыненні да Саюзнай дзяржавы або краіны — члена Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), такое палажэнне ўтрымліваецца ў законапраекце “Аб змяненні законаў па пытаннях гарантавання ваеннай бяспекі і абароны”, які 5 лістапада ў другім чытанні прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС).
Адпаведнай нормай прапанавана дапоўніць закон “Аб абароне”, паведаміў журналістам старшыня пастаяннай камісіі ПП НС па нацыянальнай бяспецы Генадзь Лепяшко.
“У закон “Аб узброеных сілах” уносяцца дадатковыя задачы, — дадаў ён (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале прэс-службы ніжняй палаты парламента). — У прыватнасці, адна з асноўных дадатковых задач — гэта ўдзел Узброеных сіл у недапушчэнні ўнутранага канфлікту, у выпадку яго развязвання — вырашэнне такога канфлікту. У закон “Аб ваенным становішчы” ўносіцца шэраг істотных дапаўненняў у паўнамоцтвы Міністэрства абароны, Генеральнага штаба [УС] і дзяржаўных органаў”.
Лепяшко таксама адзначыў, што ў адпаведнасці з законапраектам Міністэрству абароны надаюцца паўнамоцтвы аналізаваць “абстаноўку, якая складваецца ўнутры дзяржавы і па-за яе межамі”, і рыхтаваць “прапанову прэзідэнту — галоўнакамандуючаму Узброенымі сіламі аб прыняцці ваеннага становішча і арганізацыі ўзброенай абароны”.
Генштабу УС надаюцца паўнамоцтвы “карэктаваць і забяспечваць задачу мабілізацыйнай гатоўнасці, баявой мабілізацыйнай гатоўнасці Узброеных сіл, іншых войскаў, вайсковых фарміраванняў і дзяржаўных органаў”. У выпадку прыняцця гэтых змяненняў дзяржорганы будуць абавязаныя на запыт Генштаба надаваць неабходную інфармацыю для прыняцця рашэнняў і прадастаўлення прапаноў галоўнакамандуючаму, сказаў дэпутат.
Законапраект таксама прыводзіць у адпаведнасць з Ваеннай дактрынай Беларусі пералік ваенных пагроз, якія з’яўляюцца падставамі для ўвядзення ваеннага становішча на тэрыторыі краіны.
У першым чытанні ПП НС прыняла гэты законапраект 16 верасня.
На адкрыцці сесіі ніжняй палаты парламента (трэцяй для гэтага склікання) старшыня ПП НС Ігар Сергеенка заявіў: “Нам не патрэбная вайна. Пацвярджэннем таму служыць міралюбівы знешнепалітычны курс краіны, зацверджаныя Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына, якія носяць асабліва абарончы характар”.
Пры гэтым ён абвінаваціў Польшчу і краіны Балтыі ў тым, што яны “мэтанакіравана ператвараюцца ў плацдарм НАТО”: “Усё гэта стварае прамыя пагрозы ў ваеннай сферы як для Беларусі, так і для Саюзнай дзяржавы”.
27 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які пашырае паўнамоцтвы Мінабароны і Генштаба.
12 снежня 2024 года міністр абароны Віктар Хрэнін прадставіў Задуму абароны Беларусі на 2026–2030 гады, зацверджаную Лукашэнкам.
Паводле слоў Хрэніна, гэты дакумент “дазволіць Генеральнаму штабу і ўсім дзяржаўным органам кіравання <…> прыступіць да планавання абароны, або, па-простаму кажучы, абароны дзяржавы ў выпадку ўзнікнення агрэсіі”.
Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына былі прынятыя на першым пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу сёмага склікання прайшло 24–25 красавіка 2024 года ў Мінску.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны, якая была падтрыманая ўладамі ў Мінску. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.
Улады ў Мінску і сёння працягваюць падтрымліваць расійскую агрэсію ва Украіне, пры гэтым пастаянна заяўляючы пра варожыя намеры краін НАТО адносна Беларусі.
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваДаследчыца Вольга Сямашка рыхтуе кнігу пра могілкі беларусаў ПадляшшаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства



