У Беларусі вырашана будаваць трэці блок дзейнай АЭС, але ад ідэі збудаваць другую станцыю таксама не адмаўляюцца

14 лістапада, Позірк. Пра прынятае рашэнне будаваць дадатковы — трэці — энергаблок на дзейнай Беларускай АЭС паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра, былы міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч 14 лістапада пасля профільнай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.
“Па выніках нарады прынятае рашэнне пра развіццё Астравецкай атамнай электрастанцыі, рэалізацыю другой чаргі — збудаванне трэцяга энергаблока, — цытуюць чыноўніка дзяржСМІ. — І паралельна будзе арганізаваная праца па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Гэтае дадатковае даследаванне будзе праходзіць [адносна таго], дзе магчыма ў далейшым ва ўмовах росту электраспажывання (калі спатрэбіцца далейшае задавальненне росту электраспажывання за кошт атамнай энергетыкі) развіццё атамнай энергетыкі, і менавіта ў Магілёўскім рэгіёне”.
Паводле слоў Каранкевіча, збудаванне трэцяга блока на БелАЭС і даследаванне пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці будуць паралельнымі працэсамі. “Але рашэнне пра другую чаргу БелАЭС — вось цяпер, так, мы гэтым будзем займацца”, — падкрэсліў ён.
Збудаванне першай станцыі — Беларускай АЭС паблізу Астраўца — завяршылася ўвосені 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекту, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы блок сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га, у прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.
Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць будаўніцтва другой атамнай станцыі. Ён даручаў чыноўнікам ацаніць мэтазгоднасць павелічэння колькасці энергаблокаў БелАЭС або збудавання яшчэ аднаго ядзернага энергетычнага аб’екта, у тым ліку 2 верасня (“Мы яе абавязкова пабудуем”).
Пра тое, што Мінэнерга рыхтуецца прадставіць ураду “абгрунтаваныя варыянты павелічэння атамнай генерацыі”, кіраўнік ведамства Дзяніс Мароз паведаміў 16 верасня.
За два дні да гэтага міністр заявіў, што Мінэнерга знаходзіцца “ў стадыі дэталёвага абмеркавання тэхніка-эканамічнага абгрунтавання збудавання новай АЭС або трэцяга энергаблока на дзейнай”.
26 красавіка, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў каментары “Позірку” заявіла, што нельга дапусціць, каб рэжым Аляксандра Лукашэнкі будаваў у Беларусі другую атамную станцыю, пераследуючы ўласныя палітычныя мэты.

- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў за год вырасла амаль на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 14 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства


