Мінск 11:17

У Пакістане знайшлі ахвочых працаваць на перапрацоўцы рыбы ў Беларусі, будаўнічыя вакансіі не запаўняюцца

Пакістанскія рабочыя ў ААЭ
Ілюстрацыйнае фота: Middle East Monitor

18 лістапада, Позірк. Кампанія American International, якая знаходзіцца ў Пакістане (правінцыя Пенджаб), скараціла з 200 да 50 колькасць прапаноў грамадзянам гэтай паўднёваазіяцкай дзяржавы займацца перапрацоўкай рыбы і морапрадуктаў у Брэсце (верагодна, гаворка пра прадпрыемства “Санта Брэмар”).

Пры гэтым, паводле абноўленай інфармацыі Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой урада Пакістана, 12 з 50 вакансій ужо запоўнена. Работнікам прапануецца заробак у 500 долараў.

Працягваецца пошук ахвочых па 16 будаўнічых спецыяльнасцях (па адзінаццаці з іх заробак складае 600 долараў, па пяці — 1.800 беларускіх рублёў). Колькасць вакансій па іх, як было паказана раней, вагаецца ад 5 да 15. Мяркуючы з інфармацыі на сайце, попыту на гэты від работ не назіраецца.

11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Мінску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тыс. спецыялістаў.

Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненне ў беларускіх уладаў.

“Зацікаўленыя” хочуць “ўзрушыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў, у прыватнасці тэмай прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана, заявіў Лукашэнка 25 красавіка на нарадзе пра развіццё раёнаў Гомельскай вобласці, што пацярпелі ў выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Міністэрства ўнутраных спраў адрапартавала пра выяўленне “актыўных правакатараў, што наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай”, распаўсюджваючы інфармацыю пра ўезд у Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана.

Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманымі за каментарыі і ролікі ў “ЦікТоку” 18-гадовым хлопцам і 20-гадовай дзяўчынай. Маладыя людзі выбачаліся на камеру за “распаўсюд фэйкаў” і “гнеўныя каментарыі на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана”.

14 жніўня Лукашэнка ў віншаванні прэм’ер-міністру Пакістана з Днём незалежнасці нагадаў яму пра “накіраванне пакістанскіх кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў Беларусь”.

5 лістапада стала вядома, што Палата прадстаўнікоў у двух чытаннях ратыфікавала падпісанае 11 красавіка ў Мінску беларуска-пакістанскае пагадненне аб рэадмісіі. Яно прадугледжвае абавязацельства Беларусі і Пакістана на запыт другога боку прымаць уласных грамадзян, якія “ўехалі або знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы запытальнага боку з парушэннем заканадаўства гэтай дзяржавы па пытаннях уезду, выезду і знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства”.

14 лістапада паведамлялася, што амбасадар Польшчы ў Пакістане Мацей Пісарскі выказаў занепакоенасць з нагоды трафікінга (гандаль людзьмі, уключаючы вярбоўку, перавозку, укрывальніцтва) з Беларусі ў еўрапейскія краіны, у т.л. Польшчу.

Падзяліцца: