Літва заклікала ЕС пастрожыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі

18 лістапада, Позірк. Пастрожыць санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі заклікаў на пасяджэнні Савета ЕС па агульных справах 17 лістапада намеснік міністра замежных спраў Літвы Сігітас Міткус, вынікае з паведамлення знешнепалітычнага ведамства гэтай балтыйскай дзяржавы.
Сустрэча была прысвечаная падрыхтоўцы да пасяджэння Савета ЕС, якое намечана на 18–19 снежня.
Міткус выказаў меркаванне, што парушэнне паветранай прасторы Літвы з дапамогай кантрабандысцкіх паветраных шароў, якія запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, павінна разглядацца як “свядомая гібрыдная аперацыя”.
“Мы заклікаем дакладна назваць дзеянні беларускага рэжыму гібрыднай атакай супраць дзяржавы — члена ЕС і разгледзець новыя санкцыі адносна адказных беларускіх службовых асоб і ўстаноў”, — сказаў намеснік міністра.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь павінна неадкладна дазволіць зарэгістраваным у ЕС грузавым аўтамабілям вярнуцца на тэрыторыю Еўрасаюза.
“Дзеянні Беларусі недапушчальныя, яны дыскрымінуюць прадпрыемствы ЕС і прыводзяць да дадатковых фінансавых стратаў”, — лічыць Міткус.
18 лістапада старшыня Камітэта Сейма Літвы па нацыянальнай бяспецы і абароне Рэмігіюс Матузас заявіў, што рашэнне пра тое, ці магчыма адкрыць мяжу з Беларуссю, будзе вызначацца перш за ўсё па выніках намечаных на гэты дзень тэхнічных перагавораў пра вяртанне літоўскіх грузавікоў, якія там захраслі.
“Але пакуль, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, тэндэнцыя хутчэй схіляецца да таго, што межы могуць быць адкрытыя раней за 30 лістапада”, — адзначыў ён і дадаў, што канчатковае рашэнне можа быць прынятае на пасяджэнні ўрада 19 лістапада.
Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў журналістам 17 лістапада ў Сейме, што Літве трэба падумаць пра датэрміновае адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — да 30 лістапада, даты, да якой раней было прынятае рашэнне іх закрыць.
Паводле слоў чыноўніка, цяпер літоўскія службы адсочваюць, “што адбываецца ў небе і на зямлі”. “Задача ніколі не заключалася ў тым, каб дасягнуць нечага да пэўнай даты або ставіць нейкія асаблівыя мэты. Мэта — прадухіліць гібрыдныя атакі, якія здзяйсняюцца супраць нас, каб рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] змяніў свае паводзіны”, — падкрэсліў Будрыс.
Кіраўнік МЗС Літвы сцвярджае, што сітуацыя з паветранымі шарамі з Беларусі “знаходзіцца пад кантролем”. “Сітуацыя, як я бачу на сённяшні дзень, нават пры ўмовах надвор’я, спрыяльных для правядзення супраць нас гібрыдных атак, кантралюемая. У тым сэнсе, што нашы аэрапорты функцыянуюць”, — адзначыў ён.
Напрыканцы кастрычніка Літва сутыкнулася з неаднаразовым масавым прылётам з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідкі цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.
У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.
У выніку існай сітуацыі ў Беларусі затрымалася сама меней 1,3 тыс. літоўскіх грузавікоў, якія ўлады ў Мінску распарадзіліся змясціць на стаянкі — пад платную ахову.
Вільнюс беспаспяхова паспрабаваў вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве альбо скасаваць рашэнне пра закрыццё мяжы, альбо выйсці на палітыка-дыпламатычнае вырашэнне праблемы.
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа дзесяць месяцаў з дзяржпадтрымкай пабудавана на 5% менш жылля, чым за той жа леташні перыяд (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаВУП у студзені — кастрычніку вырас на 1,5% — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка



