Мінск 20:26

Лукашэнка анансаваў перагаворы з ЗША ў снежні і свае паездкі па “поўдні планеты”

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Кітам Келагам, Джонам Коўлам (чэрвень 2025 года)
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

20 лістапада, Позірк. Канец 2025 года будзе “вельмі складаным і цяжкім” праз шчыльны працоўны графік, у тым ліку ў святле сустрэчы з дэлегацыяй ЗША, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада на сустрэчы з кіраўніком сваёй адміністрацыі Дзмітрыем Крутым.

“Хутчэй за ўсё, яшчэ ў снежні ў нас перагаворы з нашымі амерыканскімі партнёрамі, прынамсі мы на гэта арыентуемся, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Таму графік працы каб быў дакладна вывераны, [каб] я разумеў, дзе я патрэбны, дзе не патрэбны і што мы там можам зрабіць”.

Кажучы пра свае замежныя паездкі, Лукашэнка адзначыў, што чакаецца “вялікая камандзіроўка па поўдні фактычна планеты — пачынаючы ад М’янмы, Амана, Алжыра і гэтак далей”.

Палітык плануе ўзяць удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які пройдзе ў Кыргызстане (27 лістапада, Бішкек). Акрамя таго, на канец года ў Санкт-Пецярбургу запланаваная традыцыйная сустрэча лідараў краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Абмяркоўваючы ўнутраныя справы, Лукашэнка закрануў сітуацыю ў сельскай гаспадарцы: “Спагнанне будзе жорсткае, проста жорсткае. Ніякіх размоў і філасофіі. Да зімы трэба падрыхтавацца як мае быць. Заўсёды мы рыхтаваліся да зімоўкі жывёлы дакладна гэтак жа, як праводзілі ўборачную кампанію. Гэта найважнейшае пытанне. У адваротным выпадку, навошта сеяць і прыбіраць, калі ў нас ненармальна ўтрымліваюцца сельскагаспадарчыя жывёлы? Таму на гэта трэба звярнуць сур’ёзную ўвагу”.

На гэтым фоне спікер распарадзіўся ўзмацніць кадравую працу сваёй адміністрацыі: “Я нават не ведаю, гэта ваша справа … Можа быць, [стварыць] савет нейкі ды іншае”.

“Ніякага валюнтарызму не павінна быць. Адсябяціны не павінна быць ні ад памочніка, ані ад кіраўніка адміністрацыі, ані ад іншых асоб. Трэба раіцца, перш чым прапаноўваць на прызначэнне тых ці іншых людзей. Тады не будзем тасаваць гэтую калоду кожны год або праз два-тры гады. Кіраўнік — гэта стабільнасць, таму трэба падбіраць кадры. Гэта вельмі важнае пытанне”, — рэзюмаваў Лукашэнка, які 20 лістапада прыняў шэраг кадравых рашэнняў.

9 лістапада Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Джона Коўла на пасаду спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі. “Ён ужо паспяхова дамогся вызвалення 100 Закладнікаў (так амерыканскі кіраўнік называе палітвязняў; “закладнікі” ў арыгінале з вялікай літары. — “Позірк”.) і мае намер дамагчыся вызвалення яшчэ 50. Загадзя хацеў бы падзякаваць шаноўнаму прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да пытання вызвалення гэтых людзей”, — адзначыў палітык.

Да таго моманту Коўла прадстаўлялі як намесніка Кіта Келага — спецпасланніка Трампа па Украіне. У 2025 годзе Коўл удзельнічаў у вызваленні (з далейшым вывазам у Літву) дзвюх груп палітвязняў, а таксама замежных грамадзян без гэтага статусу: 21 чэрвеня — 14, а таксама 11 верасня — 52 (агулам 66, а не 100, як заявіў Трамп; пры гэтым дастаўлены да мяжы Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць з краіны і, мяркуючы па намёках Лукашэнкі, вернуты ў калонію).

14 кастрычніка на нарадзе па пытаннях “глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх стасункаў” Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да “вялікай здзелкі” з ЗША.

11 верасня і 4 лістапада ЗША ў два этапы знялі санкцыі з авіякампаніі “Белавія”, у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненне да Лукашэнкі і кампаніі “Слаўкалій”, што раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.

Падзяліцца: