Мінск 02:23

Начальнік генштаба: Беларусь збіраецца закупіць артылерыйскія сістэмы, ВПК ужо пачаў выпуск снарадаў

Павел Муравейка
Фота: Міністэрства абароны Беларусі

20 лістапада, Позірк. Беларускае войска плануе закупіць новыя артылерыйскія сістэмы, абаронна-прамысловы комплекс краіны ўжо пачаў выпуск уласных снарадаў да рэактыўных сістэм і артылерыйскіх прылад. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра абароны — начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка 20 лістапада ў Мінску на ўрачыстым сходзе, прымеркаваным да Дня ракетных войскаў і артылерыі.

Паводле яго слоў, ва Узброеных сілах гэтаму роду войскаў надаецца пільная ўвага.

“У бліжэйшую пяцігодку на іх зробленая асноўная стаўка, — цытуе военачальніка прэс-служба Міністэрства абароны. — Мы працягнем атрымліваць новыя ракетныя і артылерыйскія сістэмы”.

Акрамя таго, у названы тэрмін плануецца “нарэшце завяршыць стварэнне ўласнага комплексу па кіраванні агнём артылерыі“ і паставіць яго “на аснашчэнне нашых воінскіх часцей“.

30 кастрычніка ў аналітычным матэрыяле арганізацыі BelPol адзначалася, што ў Беларусі фіксуюцца прыкметы “паскоранай мілітарызацыі эканомікі“.

У прыватнасці, паведамлялася, што на расійскую ваенную машыну працуе даччынае прадпрыемства ААТ “Амкадор“ — унітарнае прадпрыемства СВТ, якім валодае ААТ “Амкадор-Белвар“. Сярод яго праектаў — беспілотнік пад шыфрам “Свіслач-СВТ“ і сістэма навядзення артылерыйскага агню “Вартавы”.

16 верасня Муравейка, падсумоўваючы папярэднія вынікі беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2025“, адзначаў, што ўдзельнікі “дасягнулі дастаткова добрых вынікаў у контрбатарэйнай барацьбе“. “Сёння нашы ракетныя войскі і артылерыя валодаюць тымі сродкамі, якія выяўляюць, вызначаюць і аператыўна выдаюць каардынаты батарэй праціўніка для таго, каб весці з імі эфектыўную барацьбу“, — заявіў начальнік генштаба.

Падзяліцца: