Мінск 15:18

Спынена спроба завезці з Польшчы буйную партыю гашышу — у Беларусі і РФ затрыманы восем “датычных да злачыннай схемы”

Фота: прэс-служба ДМК

21 лістапада, Позірк. Беларускія мытнікі спынілі спробу ўвозу з Польшчы каля 136 кг гашышу, паведаміла 21 лістапада прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

Паводле інфармацыі ведамства, 320 брыкетаў са “спрасаваным рэчывам” былі схаваныя ў “адмыслова абсталяваных схованках у грузавіку польскага перавозчыка, які перамяшчаў алкагольную прадукцыю”.

“Брэсцкія мытнікі накіравалі транспартны сродак на агляд з выкарыстаннем інспекцыйна-надгляднага комплексу, — гаворыцца ў паведамленні. — Атрыманая сканаграма паказала наяўнасць нехарактэрнага зацямнення ў ніжняй вобласці паўпрычэпа. Пры далейшым дэмантажы знойдзеныя месцы ўтойвання — схованкі з наркотыкам былі абсталяваныя ў падлозе інструментальных скрынь паўпрычэпа”.

Спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці пасля пацвердзілі, што гэта гашыш.

ДМК заявіў, што мытнікі Беларусі разам з калегамі з РФ пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў на тэрыторыі дзвюх краін затрымалі восем “датычных да злачыннай схемы беларусаў і расіян, якія дзейнічалі з папярэдняй змовы”.

“У дачыненні да групы асоб Брэсцкай мытняй распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 3281 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і (або) дзяржаўную мяжу Беларусі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў. — “Позірк”.), а кампетэнтнымі органамі Расіі ў дачыненні да асобных удзельнікаў — крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 30, ч. 5 арт. 228.1, ч. 4 арт. 229.1 КК РФ “, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі ведамства, фігурантам справы пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: