Наўседа абяцае разабрацца, чаму літоўскія грузавікі не вяртаюцца з Беларусі

21 лістапада, Позірк. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 21 лістапада заклікаў “не рабіць трагедыі” праз літоўскія грузавікі, якія не вяртаюцца з Беларусі пасля таго, як Вільнюс у ноч на 20 лістапада адкрыў пункты пропуску, але паабяцаў разабрацца, чым выклікана такая сітуацыя.
“Не трэба зараз кідацца і рабіць з гэтага трагедыю, — цытуе кіраўніка дзяржавы партал тэлерадыёкампаніі LRT. — Перш за ўсё неабходна высветліць, якія ўяўныя або рэальныя прычыны прыводзяць да таго, што нашы грузавікі па-ранейшаму не выязджаюць з Беларусі. Магчыма, гэта не нейкая свядомая спроба затрымаць іх, а, магчыма, спроба прадэманстраваць пэўную перамоўную пазіцыю”.
Раней медыя адзначала, што грузавікі літоўскіх перавозчыкаў застаюцца ў Беларусі, хаця пункты пропуску з боку Літвы аднавілі працу. Партал спаслаўся на прэс-сакратара Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Гедруса Мішуціса, паводле слоў якога да раніцы 21 лістапада ніводны грузавы аўтамабіль з літоўскімі нумарамі так і не заехаў у краіну.
“Нічога не змянілася, і прычын, з якіх літоўскія машыны не рухаюцца, мы пакуль не бачым”, — сказаў прадстаўнік пагранведамства.
Паводле яго слоў, пункты працуюць у звычайным рэжыме, іх прапускная здольнасць дае магчымасць абслугоўваць больш транспарту.
“Перасякаюць мяжу легкавыя аўтамабілі, праходзяць і грузавікі іншых краін — у асноўным з Расіі, дзе кіроўцам аформленыя спрошчаныя дакументы. Самі пункты пропуску працуюць у штатным рэжыме, яны цалкам гатовыя прапускаць і іншыя транспартныя сродкі, асабліва велікагрузы, але машыны з літоўскімі нумарамі па-ранейшаму не з’яўляюцца”, — адзначыў Мішуціс.
Прадстаўнік САДМ дадаў, што адразу пасля адкрыцця мяжы некалькі літоўскіх грузавікоў прайшлі ў напрамку Беларусі, але не ў адваротны бок.
Кіраўніцтва літоўскай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava выказвала спадзеў на тое, што грузавікі пачнуць вяртацца 21 лістапада.
Напярэдадні прэзідэнт гэтага аб’яднання Эрландас Мікенас заявіў, што мае копію ліста, у якім улады ў Мінску патрабуюць сустрэчы прадстаўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Літвы. 21 лістапада намеснік Мікенаса Алег Тарасаў паведаміў, што дадатковай інфармацыі пра гэтае патрабаванне няма.
20 лістапада прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў, што міністэрства прапануе правесці кансультацыі паміж беларускім і літоўскім знешнепалітычнымі ведамствамі — для выпрацоўкі “ўстойлівага механізму працы пунктаў пропуску і прадухілення іх закрыцця ў будучыні”. “Беларусі і Літве патрэбная мяжа, якая аб’ядноўвае, а не падзяляе. Цяпер усё залежыць ад рашэнняў Вільнюса”, — сказаў спікер МЗС.
Пры гэтым Варанкоў заявіў, што рашэнне Літвы закрыць мяжу з Беларуссю “было прынятае ў аднабаковым парадку, насіла палітызаваны характар і парушала працэдуры, прапісаныя ў міжнародных пагадненнях”.
“Паводле двухбаковага дагавору аб пунктах пропуску апавяшчэнне павінна накіроўвацца загадзя — ад аднаго да пяці дзён, аднак гэтага не было зроблена. Нават цяперашняе рашэнне аб аднаўленні працы пунктаў Шальчынінкай і Мядзінінкай (з беларускага боку — Беняконі і Каменны Лог) зноў прынятае з парушэннем вызначаных правіл. Літва ігнаруе міжнародна-прававыя абавязацельствы і не хавае, што можа ў любы момант зноў закрыць мяжу. Гэта стварае рызыкі для тысяч грамадзян і арганізацый”, — сцвярджаў прэс-сакратар МЗС.
Пункты пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай на літоўска-беларускай мяжы аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (у 1:00 паводле мінскага часу). Вільнюс закрыў пагранпераходы напрыканцы кастрычніка, дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавыя прылёты з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы (пасля адкрыцця мяжы зафіксаваны новы інцыдэнт, праз які часова закрываўся аэрапорт Вільнюса).
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаРэжым у Беларусі выглядае моцным, але знутры ён пусты — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–20 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка



