Мінск 13:12

Каталіцкія святары Юхневіч і Акалатовіч вызваленыя ў тым ліку для развіцця стасункаў са Святым пасадам — ​​прэс-сакратар Лукашэнкі

Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч (у цэнтры, злева направа)
Фота: catholic.by

22 лістапада, Позірк. Ксёндз Генрых Акалатовіч і айцец Анджэй Юхневіч былі вызваленыя на просьбу папы рымскага Льва XIV і пры ўдзеле мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, вынікае з заявы прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант у эфіры беларускага тэлебачання.

У каментарыі, апублікаваным 22 лістапада неафіцыйным тэлеграм-каналам прэс-службы палітыка, спікер паведаміла, што два каталіцкія святары, асуджаныя, паводле яе сцвярджэння, за “здзяйсненне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць дзяржавы, а таксама іншыя злачынствы”, былі памілаваныя 20 лістапада.

Лукашэнка, паводле яе слоў, пайшоў на такі крок “у рамках жэсту добрай волі, кіруючыся прынцыпамі міласэрнасці і гуманізму, улічваючы стан здароўя асуджаных, а таксама ў мэтах развіцця стасункаў Рэспублікі Беларусь са Святым пасадам”.

Пра вызваленне Акалатовіча і Юхневіча стала вядома 20 лістапада з паведамлення прэс-службы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ). З яго вынікала, што гэтаму паспрыяў нядаўні візіт прэфекта дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў, былога апостальскага нунцыя ў Беларусі кардынала Клаўдыё Гуджэроцці і яго сустрэча з Лукашэнкам. Цяпер вызваленыя святары знаходзяцца ў Ватыкане.

Пробашч каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская вобласць), кіраўнік місіі ордэна аблатаў у Беларусі Анджэй Юхневіч знаходзіўся ў няволі з 8 траўня 2024 года. 30 красавіка 2025-га святар быў прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі. З раскладу суда вынікала, што яго абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў, “якія тычацца палавых зносін з непаўналетнімі”.

У вернікаў атрымалася даведацца, што Юхневіч “цалкам адмаўляў абвінавачанні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць”. Паводле іх жа інфармацыі, абвінавачанне будавалася на паказаннях адной ці некалькіх “ахвяр”, якія, магчыма, сведчылі пад ціскам. Паводле звестак, якія дайшлі да вернікаў, у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны.

Пробашча парафіі Святога Юзафа ў Валожыне (Мінская вобласць) Генрыха Акалатовіча затрымалі ў сярэдзіне лістапада 2023 года. У снежні 2024-га ён быў прыгавораны да 11 гадоў зняволення за “здраду дзяржаве”.

Святара, паводле яго ж слоў, абвінавацілі ў “шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана”. Акалатовіч назваў абвінавачанне “грубай правакацыяй”, падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, назваў працэс судом у дачыненні да ўсяго каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Паводле даных праваабаронцаў, якія прызналі абодвух святароў палітвязнямі, Акалатовіч мае праблемы са здароўем. Раней ён перанёс інфаркт, пакутаваў ад анкалагічнага захворвання.

Ад пачатку восені 2020 года па 25 верасня 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 91 хрысціянскі служыцель, у тым ліку прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі — 35, Беларускай грэка-каталіцкай царквы — 5, а таксама адзін замежны манах — польскі кармеліт Гжэгаж Гавел.

Цяпер рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Кардынал Гуджэроцці пра дыялог з Мінскам: Тэхніка "не размаўляю з табой, не бачу цябе" не прыносіць плёну

21 лістапада, Позірк. Тэхніка “не размаўляю з табой, не бачу цябе, не плачу табе, не дасылаю тавары” — гэта "сістэма, якая не прыносіць плёну", заявіў прэфект дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў, былы апостальскі нунцый у Беларусі кардынал Клаўдыё Гуджэроцці ў інтэрв'ю …
Падзяліцца: