Мінск 22:47

У баях супраць РФ загінула каля 100 беларускіх добраахвотнікаў — кіраўнік місіі дэмсіл у Кіеве Шаціліна

Фота: АПК

23 лістапада, Позірк. “Асноўны матыў, які штурхае беларусаў на абарону Украіны, — гэта абарона Беларусі”, — заявіла ў эфіры радыё KyivFM кіраўніца місіі дэмакратычных сіл у Кіеве Святлана Шаціліна.

“Мы дакладна разумеем, што без свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай Украіны немагчымая свабодная, дэмакратычная, праеўрапейская Беларусь. І што асноўны фактар, які штурхае беларусаў ісці ў добраахвотнікі, — гэта ідэалагічны фактар”, — цытуе Шаціліну прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Паводле яе слоў, “каля сотні” беларусаў загінулі ў баях супраць Расіі.

“І калі любы беларус ідзе ваяваць за Украіну, ён аўтаматычна атрымлівае тэрмін як тэрарыст. Гэта першае. І другое: трэба разумець, што ў Беларусі не адмененае смяротнае пакаранне. І яго родныя, якія застаюцца ў Беларусі, аўтаматычна з’яўляюцца людзьмі, да якіх могуць прыйсці хлопцы з ведамства з трох літар”, — падкрэсліла кіраўніца місіі дэмсіл.

“І, нягледзячы на ўсё гэта, беларусы гэта робяць, і таму гэта тыя, кім мы ганарымся, тыя, хто дае нам магчымасць адчуваць сябе людзьмі”, — адзначыла яна.

Шаціліна падзякавала “кожнаму беларусу, кожнай маме” добраахвотнікаў, якія сталі на абарону Украіны.

“Я сама як мама добраахвотніка выразна разумею, што ты адчуваеш, як гэта энергетычна няпроста чакаць сына з вайны. Але я тут, у бяспечных умовах, а што адчувае мама, якая павінна быць там, у Беларусі, разумеючы, што ў любую хвіліну да яе могуць прыйсці? Нізкі паклон, і хацелася б, каб украінскае грамадства вось менавіта гэта разумела, што для нас гэта небяспека ў кубе, напэўна”, — сказала кіраўніца місіі.

Пры гэтым, паводле яе слоў, беларускі добраахвотнік ва Украіне па-ранейшаму мае праблемы з прававога і фінансавага кшталту, “адчуваючы сябе ў ролі просьбіта, а не ў ролі байца, які годна выконвае свой абавязак”. Яна выказала надзею, што Вярхоўная Рада Украіны “зменіць гэтую сітуацыю”.

10 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Варшаве дэмлідар Святлана Ціханоўская паведаміла аб прызначэнні Святланы Шацілінай, якая замяніла на чале місіі Генадзя Манько. Шаціліна пастаянна пражывае ва Украіне.

Дакладных звестак аб колькасці загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў няма. Раней СМІ паведамлялі, што ў баях супраць РФ загінула каля 70 беларусаў.

Падзяліцца: