Мінск 11:18

Наўседа: Літва гатовая супрацоўнічаць з Беларуссю — на тэхнічным узроўні

Фота: САДМ Літвы

26 лістапада, Позірк. Літва гатовая супрацоўнічаць з Беларуссю — на тэхнічным узроўні, заявіў 25 лістапада прэзідэнт гэтай балтыйскай дзяржавы Гітанас Наўседа.

З яго слоў, якія перадае партал навін Delfi, вынікае, што Вільнюс гатовы кантактаваць з Мінскам для пошуку вырашэння праблемы метэаралагічных шароў з кантрабандай.

“Мы не паддадзімся шантажу, але мы дакладна не будзем затыкаць вушы і зачыняць дзверы, — сказаў Наўседа. — Але размаўляць, у першую чаргу, трэба на тэхнічным узроўні, бо гэта тэхнічныя праблемы. <…> Так, яны скіраваныя на стварэнне палітычнага эфекту, незадаволенасці, недаверу да рашэнняў уладаў, але гэта пытанні тэхнічнага ўзроўню, якія памежныя службы як з аднаго, так і з другога боку, могуць выдатна вырашыць”.

“Няма неабходнасці ў гэтай штучнай спробе эскалацыі і пераводу вырашэння пытанняў на палітычны ўзровень”, — падкрэсліў ён.

У пытанні барацьбы з аэрастатамі Літва, паводле слоў Наўседы, “шчыльна супрацоўнічае” з саюзнікамі: “На палітычным узроўні, я маю на ўвазе, што ўцягнутыя не толькі Літва, але і ЗША. У нас ад самага пачатку склаліся вельмі шчыльныя стасункі”.

На думку кіраўніка літоўскай дзяржавы, рэжым Аляксандра Лукашэнкі імкнецца “скарыстацца нявызначанасцю і стварыць яшчэ больш шуму”.

“Я думаю, рэжым хоча атрымаць крыху больш карысці з гэтай сітуацыі і, магчыма, з некаторай нявызначанасці, якая ўзнікла праз прадстаўлены мірны план [па Украіне], — сказаў ён. — Давайце прызнаем, што Беларусь — блізкі саюзнік Расіі, таму іх дэстабілізавальныя дзеянні могуць быць скаардынаваныя. Чым больш нявызначанасці, чым больш шуму, тым больш выгадна гэтым агрэсіўным рэжымам”.

25 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сітуацыю з выездам з Беларусі літоўскіх велікагрузных аўтамабіляў павінны вырашаць знешнепалітычныя ведамствы дзвюх краін. “Няхай Міністэрства замежных спраў наша і літоўскае сустракаюцца і разрульваюць гэтую сітуацыю”, — сказаў ён на сустрэчы з дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавыя прылёты з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (а 1:00 паводле мінскага часу). За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы. Мінск на гэтым фоне дамагаецца кантактаў з Вільнюсам на палітыка-дыпламатычным узроўні.

Пасля адкрыцця пунктаў пропуску зафіксаваныя новыя выпадкі прылёту аэрастатаў з Беларусі ў Літву, а таксама Латвію. Кіраўнік літоўскага Міністэрства замежных спраў Кястуціс Будрыс назваў дзеянні Беларусі “камбінаванай атакай”. Прэм’ер-міністр Інга Ругінене ў чарговы раз дапусціла магчымасць паўторнага закрыцця пагранпераходаў, калі сітуацыя не зменіцца да лепшага, міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч неабходнасці ў гэтым не бачыць.

24 лістапада МЗС Літвы выказала пратэст прадстаўніку амбасады Беларусі ў сувязі з адноўленымі гібрыднымі атакамі. Беларускі дыпламат “быў праінфармаваны пра зафіксаваныя ў апошнія дні парушэнні паветранай прасторы Літвы з тэрыторыі Беларусі, якія літоўскі бок расцэньвае як пагрозу нацыянальнай бяспецы і грамадзянскай авіяцыі”.

Было заяўлена, што ў сувязі з інцыдэнтамі 20, 23–24 лістапада “дзейнасць Вільнюскага міжнароднага аэрапорта была прымусова прыпыненая”.

МЗС Літвы запатрабавала ад Беларусі “неадкладна зрабіць захады меры па недапушчэнні паўтарэння падобных парушэнняў” і папярэдзіла, што калі Беларусь “будзе свядома ўхіляцца ад спынення такіх гібрыдных дзеянняў”, Вільнюс пакідае за сабой права “аднавіць абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай мяжы або прымяніць дадатковыя меры”.

Падзяліцца: