Лукашэнка паабяцаў сказаць Трампу “шмат цікавага” пра Венесуэлу

16 снежня, Позірк. Венесуэла знаходзіцца побач са Злучанымі Штатамі Амерыкі гэтак жа, як Украіна побач з Расіяй, таму Вашынгтон “там мае інтарэс па многіх пытаннях”, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю амерыканскай кампаніі “Ньюсмакс ТБ”.
Гутарка адбылася 13 снежня ў Мінску — у другі дзень перамоў беларускага палітыка са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Інтэрв’ю для сваёй аўтарскай праграмы брала Грэта Канвей Ван Састэрэн — жонка Коўла.
Лукашэнка, мяркуючы з апублікаваных 15 снежня яго прэс-службай фрагментаў гутаркі, адзначыў, што бачыць інтарэс ЗША да Венесуэлы і “шмат у чым” разумее амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.
Палітык “абсалютна перакананы”, што ўсе пажаданні ЗША “можна сёння вырашыць абсалютна мірным шляхам”. “Я думаю, што ў найбліжэйшы час у нас атрымаецца на гэтую тэму пагаварыць з Дональдам Трампам. І я яму шмат чаго цікавага скажу. Вайна ні да чаго не прывядзе”, — заявіў ён.
“Учора я Джону Коўлу пра гэта гаварыў, я яму сказаў: будзе другі В’етнам. Вам ён патрэбны? Не патрэбны. Таму не трэба там ваяваць. Там можна дамовіцца”, — дадаў інтэрв’юяваны.
Лукашэнка заявіў пра сваю падтрымку ЗША і асабіста Дональда Трампа ў “рашучасці весці барацьбу” з незаконнай міграцыяй і гандлем наркотыкамі. “У гэтым Трамп малайчына, што ён падняў гэтую тэму”, — лічыць палітык.
“Супраць гэтага мы будзем змагацца і пасля нас. Нашы дзеці будуць змагацца супраць гэтай бяды. Гэта новая з’ява ў новай эпосе. Ракетамі гэта не перамагчы. Трэба дамаўляцца. Трэба вызначыць сумесныя меры барацьбы”, — перакананы ён.
Пры гэтым Лукашэнка прызнаў, што праблема наркатрафіку актуальная і для Беларусі: “З азіяцкага Усходу праз Расію, праз Беларусь у асвечаную Еўропу, у “райскі сад”, ідуць наркотыкі. Чаму яны туды ідуць? Бо там іх выкарыстоўваюць больш, чым дзе-небудзь. Попыт ёсць вялікі, таму ідуць наркотыкі. А з краін Еўрасаюза ў зваротным кірунку ідуць сінтэтычныя наркотыкі”.
Прэс-служба палітыка адзначыла, што, паводле яго слоў, у Беларусі “ўсталяваны жорсткі заслон для наркатрафіку і вядзецца бескампрамісная барацьба з гэтай з’явай унутры краіны”. “Тым не менш цалкам ліквідаваць праблему не атрымаецца, — прызнаў Лукашэнка. — Для гэтага патрэбныя сумесныя дзеянні ўсіх еўрапейскіх краін, як гэта было раней, да таго, як еўрапейцы закрылі мяжу з Беларуссю і ўвялі санкцыі”.
“Мы ж з еўрапейцамі, палякамі, літоўцамі, латышамі, украінцамі сур’ёзна змагаліся з наркотыкамі — мы іх тут затрымлівалі, тонамі спальвалі. Цяпер такой напружанкі няма. І я не буду іх абараняць, — сказаў ён. — Калі вам пятлю на шыю накінулі б і падвесілі, вы што, абаранялі б тых, хто вас вырашыў пакараць смерцю? Я што, у гэтай сітуацыі мушу абараняць Еўропу? Навошта? Яны мяне душаць, а я павінен іх абараняць ад наркотыкаў?”
Закрануўшы тэму выбараў у Венесуэле і непрызнанне іх вынікаў Злучанымі Штатамі Амерыкі, Лукашэнка заявіў, што падчас прэзідэнцкага тэрміну Джо Байдэна (студзень 2021 года — студзень 2025-га) ЗША “нідзе не прызнавалі выбары”.
Пры гэтым сітуацыя з выбарамі ў Венесуэле, на думку беларускага палітыка, у пэўнай ступені падобная да таго, што адбываецца на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. “Ды там, як у Амерыцы, — 50 на 50 сітуацыя, з невялікай перавагай [прэзідэнта Нікаласа] Мадуры. Калі вы хочаце ўсіх венесуэльцаў аб’яднаць вакол Мадуры (амерыканцы гэтага не хочуць, напэўна, і Трамп таксама), то вы распачнеце вайну супраць Венесуэлы. Ні ў якім разе гэтага рабіць”, — упэўнены ён.
Акрамя таго, паводле слоў Лукашэнкі, “не амерыканцам лічыць галасы ў Венесуэле”. “Памятаеце, калі Трампа, як у нас кажуць, кінулі, перакулілі на выбарах мінулых? Там бюлетэні ў вас пад плотам знаходзілі, у вас па пошце галасавалі, — заявіў палітык. — Стопрацэнтна былі фальсіфікаваныя вашыя выбары, калі перамог Байдэн і вы Трампа выкінулі на ўзбочыну. Што, гэтага не было? І амерыканцы сёння з такім багажом перадвыбарным не прызналі выбары ў Венесуэле, у Беларусі ці яшчэ недзе. Ды Гасподзь з вамі! Ну не прызналі і не прызналі”.
Пры гэтым Лукашэнка лічыць, што “Мадура не той чалавек, які ўсё кіне і ўцячэ”. “Гэта моцны чалавек. Гэта “чавіст”, як [былы прэзідэнт Венесуэлы Уга] Чавес. Ён моцны мужык, прыстойны, разумны чалавек, з якім можна размаўляць і дамаўляцца. Я ў гэтым перакананы, таму што я яго ведаю, можна сказаць, з дзяцінства, — падкрэсліў інтэрв’юяваны. — Таму ўсе гэтыя паквольныя размовы журналістаў пра тое, што мы з ім дамовіліся пра яго пераезд у Беларусь, — няпраўда. Ніколі на гэтую тэму мы не размаўлялі”.
25 лістапада і 11 снежня Лукашэнка сустракаўся ў Мінску з амбасадарам Венесуэлы ў Расіі Хесусам Рафаэлем Саласарам Веласкесам. На апошняй сустрэчы беларускі палітык заявіў пра “нейкае рашэнне, якое павінна быць прынятае пасля ўзгаднення з прэзідэнтам гэтай лацінаамерыканскай краіны”.
На апошняй сустрэчы Лукашэнка перадаў праз дыпламата запрашэнне Мадуру наведаць Беларусь.
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа палову снежня 2025 года Польшча зафіксавала ў 2,5 раза менш спробаў парушэння мяжы з Беларусі, чым за той жа перыяд 2024-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаРост рознічнага тавараабароту запаволіўся да 7,1% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў за год вырасла амаль на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаПа выніках студзеня — лістапада прамвытворчасць скарацілася на 1,7%, год таму быў рост на 5,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа 11 месяцаў грузаперавозкі знізіліся амаль на 3% у гадавым выражэнні (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка



