Мінск 11:03

Усе 109 вывезеных ва Украіну беларускіх палітвязняў выехалі ў ЕС

Выезд палітвязняў з Украіны ў Польшчу
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

18 снежня, Позірк. Усе вывезеныя ва Украіну з Беларусі 109 палітвязняў у ноч на 18 снежня выехалі ў Еўрасаюз.

Каля 80% з іх накіроўваюцца ў Варшаву, астатнія — у Вільнюс, паведаміў Позірку дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.

Выезд ажыццёўлены праз пункт пропуску Ягодзін у Валынскай вобласці (з польскага боку Дарагуск).

Прыбыццё былых вязняў у сталіцу Польшчы чакаецца пасля 4 гадзін раніцы паводле мясцовага часу (-2 да беларускага), у сталіцу Літвы — каля 10 гадзін раніцы (-1 да беларускага).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў былі вывезеныя на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

У той жа дзень фонд салідарнасці BySol абвясціў пачатак збору ахвяраванняў для былых палітвязняў — 123 тыс. еўра (па 1 тыс. на кожнага для забеспячэння першачарговых патрэбаў). Паступіла 254.730 еўра, або ў 2,1 раза больш. Збор працягнецца да 31 снежня.

Падзяліцца: