Кіраўнік Літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў: Ніякіх зрухаў па вяртанні фур з Беларусі няма

5 студзеня, Позірк. Літоўская Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў LINAVA рыхтуе калектыўны пазоў да ўрада сваёй краіны з-за фур, якія затрымаліся на тэрыторыі Беларусі, заявіў яе кіраўнік Эрландас Мікенас.
“Ніякіх зрухаў, што тычыцца вяртання фур, у нас няма. Няма ніякіх навін ні з Беларусі, ні з боку ўрада“, — цытуе яго Delfi.
“Пры садзейнічанні адвакатаў мы звернемся да ўрада, — сказаў Мікенас. — Планы будуць вызначаныя адвакацкімі канторамі, але яны прыблізна зразумелыя: спачатку мы будзем шукаць развязанні мірным шляхам, а калі гэта не атрымаецца, у нас ёсць і іншыя“.
Паводле слоў кіраўніка асацыяцыі, у канцы снежня яе члены сустрэліся з прадстаўнікамі Міністэрства транспарту і спалучэння, дзе “прыйшлі да пагаднення аб тым, што першачарговай задачай павінна быць вяртанне фур, якія затрымаліся ў Беларусі, а не іх дакладны падлік“.
Як паведамляў “Позірк“, 23 снежня мінулага года асацыяцыя зняпраўдзіла звесткі ўрада аб колькасці грузавікоў, якія захраслі на беларускай тэрыторыі.
У яе заяве адзначалася, што даныя аб транспартных сродках, затрыманых у Беларусі, “інтэрпрэтуюцца недакладна альбо не адлюстроўваюць рэальны маштаб сітуацыі“.
Раней у той жа дзень прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што значная колькасць грузавых аўтамабіляў, якія раней затрымаліся ў Беларусі, ужо працягвае працаваць, курсіруючы паміж краінамі.
Паводле слоў намесніка кіраўніка Мытнага дэпартамента Літвы Давіле Краўлайдэне, на 9 снежня Мінск утрымліваў 91 грузавік і 49 прычэпаў, якія належаць LINAVA, а таксама 28 грузавікоў і 17 прычэпаў, не звязаных з асацыяцыяй. Разам з тым сама асацыяцыя публічна сцвярджае, што гаворка ідзе пра значна большую колькасць грузавікоў.
Аналагічную інфармацыю распаўсюджвалі беларускія дзяржСМІ, якія сцвярджалі, што ўсе літоўскія грузавыя аўтамабілі, якія не змаглі выехаць з Беларусі падчас закрыцця Вільнюсам пунктаў пропуску на мяжы, знаходзяцца на спецыяльных ахоўных стаянках.
У канцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — “Каменны Лог”) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.
Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі зачыненыя, рэжым Лукашэнкі паспеў зрабіць больш жорсткімі правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі затрымалася каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.
Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні.

- Грамадства
- ЭканомікаУ Беларусі не задзейнічаны цэлы арсенал мер стымулявання рынку арэнднага жылля — часопіс МінфінаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Выбары
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- ГрамадстваУ Мінску і Мінскім раёне не выяўлена фактаў незаконнай высечкі навагодніх дрэў — спецыялістМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


