Папа Леў XIV сустрэўся з амбасадарамі пры Святым пасадзе, адзначыўшы прысутнасць Амбразевіча

10 студзеня, Позірк. Удзел у навагоднім прыёме для дыпламатаў 9 студзеня ў Ватыкане ўзяў амбасадар Беларусі пры Святым пасадзе і Суверэнным вайсковым Мальтыйскім ордэне шпітальераў св. Іаана Іерусалімскага, Радоса і Мальты (Мальтыйскі ордэн) Юрый Амбразевіч, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.
“Падчас асабістага вітання папе рымскаму Льву XIV было перададзенае віншаванне з Божым Нараджэннем і Новым годам, а таксама адрасаванае зычэнне далейшых поспехаў у служэнні на карысць усяго чалавецтва”, — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі Залы друку Святога пасаду, пантыфік на прыёме адзначыў, што сёлета сход дыпламатаў “узбагаціўся прысутнасцю новых кіраўнікоў місій — рэзідэнтаў Казахстана, Бурундзі і Беларусі”.
“Я дзякую адпаведным дзяржаўным органам за рашэнне адкрыць дыпламатычныя прадстаўніцтвы пры Святым пасадзе ў Рыме, што з’яўляецца адчувальным знакам добрых і плённых двухбаковых стасункаў, — заявіў Леў XIV. — Праз усіх вас, дарагія амбасадары, я хачу перадаць мае добрыя зычэнні вашым краінам і падзяліцца поглядам на наш час, такі змучаны ўсё большым лікам напружанасцяў і канфліктаў”.
Сярод іншага папа рымскі канстатаваў, што “на змену дыпламатыі, якая садзейнічае дыялогу і пошуку ўсеагульнага кансенсусу, прыходзіць прынцып сілы асобных асоб або груп саюзнікаў”.
“Вайна зноў увайшла ў моду, распаўсюджваецца ваяўнічы запал. Парушаны ўсталяваны пасля Другой сусветнай вайны прынцып, які забараняе краінам выкарыстоўваць сілу для парушэння чужых межаў. Мір больш не шукаюць як дар і дабро, жаданае само па сабе “ў імкненні да парадку, вызначанага Богам, які цягне за сабой больш дасканалую справядлівасць паміж людзьмі”, але шукаюць яго з дапамогай зброі як умову для зацвярджэння ўласнага панавання. Гэта сур’ёзна падрывае вяршэнства закона, якое з’яўляецца асновай любога мірнага грамадзянскага суіснавання”, — заявіў Леў XIV.
Амерыканскі кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост быў абраны новым папам рымскім і ўзяў сабе імя Леў XIV 8 траўня 2025 года. Выбары адбыліся пасля смерці папярэдняга пантыфіка — Францішка — 21 красавіка таго ж года.
За гэты час беларускія ўлады, а таксама каталіцкі епіскапат паспелі ўжо некалькі разоў запрасіць кіраўніка Святога пасаду ў Беларусь.
Юрый Амбразевіч быў прызначаны амбасадарам пры Святым пасадзе 27 сакавіка 2025 года. 22 траўня ён дадаткова атрымаў пасады амбасадара пры Мальтыйскім ордэне, пастаяннага прадстаўніка пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Рыме, а таксама пастаяннага прадстаўніка пры ЮНЕСКО. Раней Амбразевіч быў намеснікам міністра замежных спраў.
Летась напрыканцы ліпеня МЗС казала пра адкрыццё амбасады Беларусі пры Святым пасадзе як пра падзею, якая ўжо адбылася.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі паміж уладамі ў Мінску і Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам агулам. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам агулам.
Каталіцкія святары Юхневіч і Акалатовіч вызваленыя ў тым ліку для развіцця стасункаў са Святым пасадам — прэс-сакратар Лукашэнкі

- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ПалітыкаБельская назвала групу экспертаў па правах чалавека ў Беларусі "безадказнай структурай"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПольшча мадэрнізавала сістэму аховы мяжы з Беларуссю для выяўлення лятучых аб'ектаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулы дзень суседнія краіны ЕС зафіксавалі 10 спробаў незаконнага пераходу з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка


