Мінск 22:36

У Мінск прыбыў новы амбасадар Палесціны

Камаль Ал-шахр (злева) уручае копіі даверчых грамат
Фота: МЗС

28 студзеня, Позірк. Аб уручэнні копій даверчых грамат амбасадарам Палесціны ў Беларусі Камалем Ал-шахрам паведаміла 28 студзеня беларускае знешнепалітычнае ведамства.

Адзначаецца, што іх прыняў першы намеснік міністра Сяргей Лукашэвіч. Паводле інфармацыі МЗС, бакі абмеркавалі “актуальныя пытанні супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Палестынай, а таксама сітуацыю ў блізкаўсходнім рэгіёне“ і “пацвердзілі гатоўнасць да далейшай сумеснай працы ў мэтах актывізацыі двухбаковых стасункаў”.

Папярэдні амбасадар Палесціны Махамед Аль-Мадбух праводзіў сустрэчу з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым з нагоды завяршэння сваёй дыпламатычнай місіі 20 траўня 2025 года.

20 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дакумент аб далучэнні Беларусі да “Савета міру”, якую ўзначаліў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Стварэнне органа адбываецца ў кантэксце пасляваеннага ўладкавання сектара Газа, які ўваходзіць у Палестыну і пасля заканчэння двухгадовага ваеннага супрацьстаяння з Ізраілем часткова застаецца пад кантролем апошняга, часткова — пад кантролем групоўкі ХАМАС.

Палестынская нацыянальная адміністрацыя, кіраўнік якой Махмуд Абас прызначае амбасадараў, сектар Газа фактычна не кантралюе.

На сённяшні дзень Палестыну прызнае больш за 150 краін. Ніводнае беларускае дыппрадстаўніцтва, уключаючы амбасаду ў Ізраілі, не акрэдытаванае для працы ў Палесціне.

Амбасада Ізраіля ў Мінску з 2020 года ўзначальваецца павераным у справах.

Падзяліцца: