Мінск 15:13

Праверка боегатоўнасці арміі будзе працягнутая

18 лютага, Позірк. Аб далейшай праверцы боегатоўнасці воінскіх часцей ва ўсіх відах і родах Узброеных сіл паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі са спасылкай на даклад яму 18 лютага Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча.

Адзначаецца, што дзяржсакратар Савета бяспекі далажыў аб завяршэнні другога этапу праверкі УС, у рамках якога правяралася боегатоўнасць большасці вайсковых частак, уключаючы Сілы спецыяльных аперацый. Праведзеныя кантрольныя заняткі на палігонах па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы, на чым, як заяўляецца, па патрабаванні Лукашэнкі быў зроблены “асноўны акцэнт”.

“Падчас праверкі боегатоўнасці ў ролі ўмоўнага праціўніка былі задзейнічаныя падраздзяленні ўнутраных войскаў МУС. Прэзідэнту даложаная папярэдняя ацэнка дзеянняў вайскоўцаў УС і УВ, наколькі прафесійна яны справіліся з пастаўленымі задачамі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Лукашэнка паставіў задачу “старанна прааналізаваць выяўленыя падчас праверкі недахопы з мэтай вызначыць слабыя месцы і палепшыць падрыхтоўку асабовага складу, уключаючы афіцэрскае звяно”.

Ён падкрэсліў, што па выніках праверкі важна атрымаць “рэальную карціну здольнасці і гатоўнасці Узброеных сіл дзейнічаць у адпаведнасці з іх прызначэннем”. Таму, як адзначаецца, акцэнт у праверцы робіцца на “раптоўнасці і максімальнай аб’ектыўнасці ацэнкі правяраемых вайсковых часцей”.

Аб прывядзенні ў баявую гатоўнасць шэрагу злучэнняў і воінскіх часцей Заходняга аператыўнага камандавання паведаміла 16 лютага прэс-служба Міністэрства абароны.

4 лютага Міністэрства абароны паведамляла, што да праверкі боегатоўнасці прыцягнутыя афіцэры запасу.

Пра пачатак “планавай” комплекснай праверкі боегатоўнасці вайсковых частак і падраздзяленняў міністр абароны Віктар Хрэнін абвясціў 26 студзеня. Яна была абвешчаная паралельна з раптоўнай праверкай боегатоўнасці арміі, якая пачалася 16 студзеня па даручэнні Лукашэнкі — у абыход Мінабароны.

2 лютага Мінабароны паведаміла, што ў рамках “нарошчвання мерапрыемстваў комплекснай праверкі баявой гатоўнасці” Узброеных сіл прыведзена ў “гатоўнасць да выканання задач па прызначэнні” адна з вайсковых частак Заходняга аператыўнага камандавання. Што гэта за частка, не ўдакладнялася.

Падзяліцца: