Мінск 00:01

У Мінску машына хуткай дапамогі збіла дзвюх дзяўчат, адна з іх непаўналетняя — яна ў цяжкім стане

Фота: камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама

1 верасня, Позірк. Дзве дзяўчыны трапілі пад колы аўтамабіля хуткай дапамогі 1 верасня ў сталіцы, паведамляе камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

Паводле інфармацыі ведамства, гэта адбылося ля гандлёвага цэнтра “Скала” на вул. Прытыцкага. Адзначаецца, што машына, якая дастаўляла пацыентку ў цяжкім стане ў бальніцу, рухалася з уключанымі пробліскавымі маячкамі.

Дзяўчат даставілі ў дзве медустановы — Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) і 6-ю клінічную бальніцу, дзе прайшлі экстранныя кансіліумы.

Адна з пацярпелых — непаўналетняя. Выснова вынікае з таго, што ў кансіліуме, які прайшоў у БХМД пад кіраўніцтвам старшыні камітэта Юрыя Горбіча, удзельнічалі “вядучыя анестэзіёлагі-рэаніматолагі, нейрахірургі і траўматолагі бальніцы”, а таксама “вядучыя дзіцячыя спецыялісты краіны” — галоўны дзіцячы нейрахірург Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай хірургіі Міхаіл Талабаеў і загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Міхаіл Майтак.

“Цяпер стан дзяўчыны ацэньваецца як цяжкі і стабільны, яна падключаная да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, — гаворыцца ў паведамленні. — У пацыенткі дыягнаставаныя цяжкія спалучаныя траўмы. Урачы праводзяць увесь комплекс неабходных дыягнастычных даследаванняў і медыкаментознага лячэння”.

У кансіліуме ў 6-й клінічнай бальніцы ўдзельнічалі першы намеснік старшыні камітэта Павел Удот, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы — галоўны пазаштатны анестэзіёлаг-рэаніматолаг камітэта Ігар Яланецкі, а таксама “вядучыя траўматолагі і нейрахірургі сталіцы”.

“Стан гэтай пацыенткі на гэты момант ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці. Сітуацыя знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўніцтва аховы здароўя горада”, — адзначыла ведамства.

Падзяліцца: