Мінск 18:48

Прэм’еру Тога прапанавана правесці ў Беларусі сумесны бізнес-форум

Ламэ — сталіца Рэспублікі Тога
Ілюстрацыйнае фота: SebEsteban / wikimedia.org

1 верасня, Позірк. Правядзенне ў Беларусі сумеснага з Тога бізнес-форуму спрыяла б выпрацоўцы дарожнай карты супрацы паміж краінамі, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам гэтай афрыканскай дзяржавы Форам Эсазімна Гнасінгбэ, якая адбылася 1 верасня ў Бішкеку (Кыргызстан) на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

“Каб вашы спецыялісты, бізнесмены прыехалі ў Беларусь на некалькі дзён, вывучылі, паглядзелі на нашу эканоміку перш за ўсё. І зрабілі для сябе адпаведныя высновы”, — цытуе спікера яго прэс-служба.

На яго думку, такую дарожную карту можна было б зацвердзіць на асабістай сустрэчы: “Падчас вашага візіту да нас або майго візіту ў Тога”.

Лукашэнка запрасіў суразмоўцу “да больш актыўнай супрацы” з Беларуссю, якую ён назваў “высокатэхналагічнай краінай”. “Ведаю, вы зацікаўленыя ў [супрацы] ў кірунку высокіх тэхналогій, медыцыны, аховы мацярынства і дзяцінства, аховы здароўя. Мы гатовыя да гэтага. Мы чакаем больш маштабнай супрацы ў рамках банкаўскіх сістэм, сферы адукацыі”, — падкрэсліў ён.

Палітык прапанаваў тагалезскаму боку звярнуць увагу на беларускую тэхніку, асабліва вялікагрузную.

Адзначыўшы, што Беларусь закупляе ў Тога какава-бабы, Лукашэнка абазначыў гатоўнасць да “больш маштабных закупак” гэтай прадукцыі.

“Вы вырашаеце вельмі важную задачу забеспячэння харчовай бяспекі і бяспекі ў цэлым сваёй дзяржавы. Вы ўжо зразумелі (і за гэта мы вам удзячныя), што Беларусь у вырашэнні гэтай задачы можа быць для вас карысная”, — сказаў Лукашэнка.

Беларусь, як было адзначана, пастаўляе Тога не толькі харчаванне, але таксама “ўсё неабходнае” для вытворчасці харчовых тавараў. “У прыватнасці, у вашу краіну паступае наша сельгасабсталяванне, сельскагаспадарчая тэхніка, робячы свой унёсак у харчовую бяспеку. Мы і надалей гатовыя дзейнічаць у гэтым плане і ствараць з вамі сумесныя прадпрыемствы ў вашай краіне”, — заявіў ён.

Лукашэнка назваў “цікавым” для Беларусі прапанаваны праект распрацоўкі фасфарытаў і будаўніцтва завода па вытворчасці комплексных угнаенняў. “Падчас візіту вашага міністра замежных спраў у Беларусь мы прадставім вам свае інвестыцыйныя прапановы”, — падкрэсліў палітык.

Падчас сакавіцкага візіту ў гэтую афрыканскую дзяржаву міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў падпісаў з міністрам замежных спраў, супрацы, афрыканскай інтэграцыі і па справах тагалезцаў за мяжой Рабэрам Дзюсэ міжведамасны мемарандум аб правядзенні палітычных кансультацый.

У цяперашні час Беларусь і Тога не маюць дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі адна адной. Былы амбасадар Беларусі ў Нігерыі Вячаслаў Бяскосты з 2013 да 2018 года быў амбасадарам у Тога па сумяшчальніцтве, пасля чаго беларускі бок не прызначаў амбасадараў у гэтую афрыканскую краіну.

Таксама не маюць амбасадаў на тэрыторыі адна адной Тога і Расія, аднак пра намер адкрыць такія ў 2026 годзе было заяўлена падчас візіту прэм’ер-міністра Тога ў Маскву, які адбыўся ў лістападзе 2025 года. Магчыма, у перспектыве амбасадар Тога ў Расіі будзе прызначаны амбасадарам па сумяшчальніцтве і ў Беларусі, як гэта практыкуе шэраг краін афрыканскага кантынента.

Згодна з інфармацыяй на сайце МЗС Беларусі, экс-міністр замежных спраў Сяргей Алейнік сустракаўся са сваім тагалезскім калегам у 2023 годзе на палях аднаго з шматбаковых мерапрыемстваў.

Да 2030 года ўлады ў Мінску плануюць павялічыць экспарт тавараў і паслуг у краіны Афрыкі да 1,5 млрд долараў. Гэты паказчык утрымліваецца ў праграме дзеянняў урада па развіцці супрацы Беларусі з афрыканскімі дзяржавамі да 2030 года.

Мэту дакумента ва ўрадзе вызначылі як “стварэнне сістэмнага механізму замацавання <…> Беларусі на Афрыканскім кантыненце ў якасці надзейнага гандлёва-эканамічнага партнёра, які валодае сучаснымі і канкурэнтаздольнымі таварамі, паслугамі, тэхналогіямі і кампетэнцыямі”.

Сярод задач названа фармаванне “эфектыўнага палітычнага, гандлёва-эканамічнага, лагістычнага і гуманітарнага інструментарыю прасоўвання інтарэсаў Беларусі” ў Афрыцы.

Беларусь павінна мець “апорныя пункты” для працы з краінамі Афрыкі, якія яе цікавяць, заявіў Лукашэнка, прымаючы 9 сакавіка з дакладам Рыжанкова, які вярнуўся з Тога і Ганы.

Падзяліцца: