Мінск 16:48

Мытня канфіскавала авіямадэлі, увезеныя з Кітая пад выглядам цацак

1 верасня, Позірк. Пра канфіскацыю 72 авіямадэляў, якія спрабавалі завезці ў Беларусь пад выглядам цацак, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта 1 верасня.

Тавары знойдзены пры дагляданні грузавіка, які прыбыў з Кітая і належыць казахстанскаму перавозчыку. У суправаджальных дакументах груз быў заяўлены як цацкі, аднак, паводле інфармацыі ДМК, “па знешніх і канструктыўных прыкметах вырабы аказаліся вельмі падобнымі на авіямадэлі“, што пазней пацвердзіла экспертыза.

У адносінах да перавозчыка распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 18.38 КаАП (незаконныя дзеянні ў адносінах да грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў). Юрыдычнай асобе па гэтым артыкуле пагражае штраф з магчымай канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

21 траўня генеральная пракуратура паведамляла, што да адказнасці паводле ўказанага артыкула з лістапада 2025 года, калі ён быў уведзены, прыцягнута 153 фізічныя і дзве юрыдычныя асобы. Большая частка парушэнняў — незаконны ўвоз тэхнікі ў краіну.

Увоз грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэлей, іх захоўванне, абарот, эксплуатацыя або выраб у Беларусі значна абмежаваны.

За паўторныя парушэнні, здзейсненыя на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, у арт. 3001 КК прадугледжана крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў. 

Падзяліцца: